12 лiстапада 2024, aўторак, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль перастрахоўваецца: Расея будзе пастаўляць нафту ў абыход Беларусі

14

«Транснафта» назвала дату пачатку будаўніцтва БТС-2 – 10 чэрвеня.

Гэты трубаправод дасць магчымасць Расеі пастаўляць нафту ў абыход Беларусі і Украіны.

Як адзначае «Газета.ру», гэта дасць Расеі магчымасць знізіць транзітныя рызыкі. Аднак нафты для новага трубаправода і УСЦА, які ўжо будуецца, можа не хапіць, што прывядзе да канфлікту паміж расейскімі нафтавікамі.

Будаўніцтва другой чаргі Балтыйскай нафтатрубаправоднай сістэмы (БТС-2) пачнецца 10 чэрвеня. Менавіта на гэты дзень прызначаная зварка першага стыку будучай трубы, адбудзецца гэта ў раёне Бранска. Як паведаміў кіраўнік кампаніі «Транснафта» (якая будуе БТС-2) Мікалай Токараў мерапрыемства будзе арганізаванае і праведзенае «урачыста, адэкватна значэнню праекту».

Нафтаправод БТС-2, працягласць якога складзе 1016 км, пройдзе з горада Унеча (Бранская вобласць) да горада Усць-Луг (Ленінградская вобласць), з парта якога расейская нафта танкерамі будзе адпраўляцца ў Еўропу. Акрамя таго, будзе пракладзенае адгалінаванне да нафтаперапрацоўчага заводу ў Кірышах. Пачатковая прапускная здольнасць складзе 30 млн тон у год, аднак пасля яе плануецца павялічыць да 50 млн тон.

Кошт праекту ацэньваецца прыкладна ў 4 млрд. даляраў, будаўніцтва павінна быць скончанае да сярэдзіны 2012 года.

Трубаправод БТС-2 прызначаны ў першую чаргу для зніжэння транзітных рызыкаў Расеі пры пастаўках нафты праз Украіну і асабліва Беларусь.

«У студзені 2007 года Аляксандр Лукашэнка перакрыў расейскі транзіт праз тэрыторыю сваёй краіны, – нагадвае начальнік аналітычнага аддзела ІК «Галіён Капітал» Аляксандр Разуваеў. – Такога дапускаць нельга, і будаўніцтва БТС-2 значна знізіць рызыкі».

БТС-2, якая функцыянуе на поўную магутнасць, адцягне на сябе вялікую частку паставак па трубаправодзе «Дружба» (па ім у краіны Еўропы праз Украіну і Беларусь штогод прапампоўваецца каля 70 млн тон нафты). Само сабой, нашых найбліжэйшых суседзяў гэта не задавальняе, бо іх пазіцыі транзіцёраў прыкметна саслабнуць, і яны згубяць адзін з рычагоў ціску на Расею.

Летась беларускія ўлады, заклапочаныя праектам БТС-2, нават прапаноўвалі «Транснафце» прыняць удзел у прыватызацыі беларускіх нафтаправодаў, аднак гэтая ініцыятыва так нічым і не скончылася. Збольшага гэта тлумачыцца тым, што беларускія трубаправоды моцна зношаныя, і іх мадэрнізацыя патрабуе сур'ёзных капіталаўкладанняў.

Зрэшты, тое ж самае можна сказаць і пра «Дружбу», так што з гэтага пункту гледжання БТС-2 таксама вельмі зручная для Расеі. Замест рамонту сваёй старой трубы, якая праходзіць праз непрадказальныя дзяржавы-транзіцёры, будзе пабудаваная новая, якую будзе цалкам кантраляваць «Транснафта».

Аднак могуць узнікнуць і няўвязкі. Труба БТС-2 можа стацца канкурэнтам нафтаправода «Усходняя Сібір – Ціхі акіян» (УСЦА). «Нафта адна, – кажа старэйшы эксперт Цэнтра палітычнай кан'юнктуры Дзмітры Абзалаў. – І калі нафты з радовішчаў Усходняй Сібіры, якія развіваюцца досыць павольна, не хопіць, каб запоўніць УСЦА, у гэтую трубу пойдзе сыравіна з Заходняй Сібіры, якая першапачаткова прызначалася для паставак менавіта па БТС-2».

Справа ў тым, што УСЦА лічыцца прыярытэтным праектам, бо дазваляе Расеі выйсці на рынкі Азіяцка-Сярэднеазіяцкага рэгіёна, і – што важней – у Кітай. Уласна, менавіта Кітай і вылучыў крэдыт на будаўніцтва УСЦА і на запаўненне яго нафтай: 15 млрд. даляраў атрымала «Раснафта» і 10 млрд. даляраў – «Транснафта».

Нафты ў найбліжэйшыя гады можа проста не хапіць на абедзве трубы, і гэта можа выклікаць канфлікт нафтавікоў: «Раснафты» – з аднаго боку, і «Сургутнафтагаза» і кампаніі Gunvor – з іншага.

Праблема зводзіцца да таго, што Gunvor кантралюе бізнэсмэн Генадзь Цімчанка, блізкі, як лічыцца, да прэм'ера-міністра Уладзіміру Пуціна. Менавіта Цімчанка найбольш актыўна лабіяваў праект БТС-2, бо яго кампанія займаецца продажам нафты праз парты Паўночнага Захаду. Зрэшты, на думку Дзмітрыя Абзалава, да сур'ёзнай вайны крамлёўскіх групаў уплыву не дойдзе. «Пэўнае супрацьстаянне можа ўзнікнуць, але, верагодней за ўсё, усё будзе вырашацца на ўзроўні «Транснафты», – лічыць палітолаг. – Так што барацьба будзе разгортвацца за прыхільнасць кіраўніка кампаніі Мікалая Токарава».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках