15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская інтэлігенцыя патрабуе вызвалення палітвязняў

2

Рада беларускай інтэлігенцыі заклікала палітыкаў Беларусі, Еўразвяза і ЗША разгарнуць кампанію міжнароднай салідарнасці за вызваленне Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі.

У заяве, прынятай 27 мая ў Менску, адзначаецца, што з-за доўгай галадоўкі, якую з 16 красавіка трымае М.Аўтуховіч, ягонае жыццё знаходзіцца пад вялікай пагрозай; пагоршыўся стан здароўя Ю.Лявонава і Ў.Асіпенкі.

Як лічаць аўтары заявы, ніякая праграма, у тым ліку «Ўсходняе партнёрства», не вартае здароўі вязняў сумлення і палітычных закладнікаў, бо вышэйшай каштоўнасцю з'яўляецца жыццё чалавека.

Па словах кінарэжысёра і педагога Ўладзіміра Коласа, за паўтара гады да прэзідэнцкіх выбараў рада павінная выкарыстаць свой аўтарытэт для кансалідацыі дэмакратычных сіл і вылучэння адзінага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Як адзначыў кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі, толькі аб'яднанымі намаганнямі дэмакратычныя сілы змогуць супрацьстаяць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Ён лічыць, што рада павінная вызначыць сваё стаўленне да так званай лібералізацыі, пры якой людзі ізноў сядзяць у турмах за свае перакананні.

Па меркаванні экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, у сітуацыі, калі 70% маладых людзей гатовыя пакінуць краіну з-за немагчымасці рэалізаваць свае здольнасці і забяспечыць свае запатрабаванні, захаванне цяперашняга выбарчага заканадаўства супярэчыць вольнаму і дэмакратычнаму выяўленню волі народа на выбарах, вынікі якіх не могуць гарантаваць незалежнасць краіны.

Акадэмік Радзім Гарэцкі звярнуў увагу на антыбеларускую палітыку дэнацыяналізацыі, якая праводзіцца ў краіне. Па словах навукоўца, справа дайшла да таго, што «людзі баяцца нават размаўляць па-беларуску». Аб тым, што ў Беларусі нічога не змянілася, сведчыць і той факт, што 17 сталічных установаў адмовіліся прадаставіць памяшканне арганізатарам V з'езду беларусаў свету, адзначыў Р.Гарэцкі.

Нагадаем, што актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года і ўтрымліваюцца ў менскім СІЗА №1. 16 красавіка Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку. Следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня.

Праваабаронцы лічаць арыштаваных палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў раней ужо былі змешчаныя ў турму, і тады міжнародная супольнасць прызнала іх вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках