28 снежня 2024, Субота, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Месседж Масквы: маўчыце ў анучку, вы жа без пяці хвілін банкруты!

39

Пакуль Лукашэнка з Пуціным абменьваліся банальнасцямі на тэму «саюзнага будаўніцтва», галоўным ньюсмейкерам у кулуарах стаў расейскі віцэ-прэм'ер Аляксей Кудрын.

Усё пачыналася добра. Беларускі кіраўнік у лепшых традыцыях інтэграцыйнай рыторыкі выказаў перад тэлекамерамі надзею, што ягоная размова з Пуціным стане «карыснай і прадуктыўнай» і, вядома, прасуне будаўніцтва «саюзнай дзяржавы», піша аналітык Аляксандр Класкоўскі у газеце «Наша Ніва».

Але тым часам у кулуарах сябар і калега Пуціна Аляксей Кудрын зладзіў для беларускага начальства халодны душ. Віцэ-прэм'ер і міністр фінансаў Расеі выдаў прэсе некалькі сакрэтаў. Высвятлілася, што Менск просіць у Масквы крэдыт на 9 мільярдаў даляраў на АЭС. Акрамя таго, беларускае кіраўніцтва адмовілася браць апошні транш ранейшага крэдыту (паўмільярды даляраў) расейскімі рублямі. Бачыш ты, маўляў, яшчэ і носам круцяць, хоць самі казалі, што пазарэз патрэбныя расейскія рублі ва ўзаемаразліках!

І ужо зусім як нож вострай была заява Кудрына, што да канца года Беларусь можа стаць неплацежаздольнай.

«Мы можам сутыкнуцца з неплацежаздольнасцю беларускага ўрада і наогул эканомікі ў сувязі з недастатковасцю золатавалютных рэзерваў, магчыма, нават у канцы гэтага года, а можа праз год», -- сказаў Кудрын.

З ягоных словаў выходзіць, што ні 500 мільёнаў апошняга транша, ні тым больш 9 мільярдаў Масква даваць не спяшаецца. Пазіцыю Менска Кудрын без эківокаў назваў утрыманскай.

Дададзім: тэма замежнай запазычанасці для беларускага кіраўніцтва занадта адчувальная. Ад электарата ўсяляк хаваюць, колькі ўжо нахапалі крэдытаў, каб затыкнуць фінансавыя дзіркі. Лукашэнка ні словам не абмовіўся аб гэтым у нядаўнім пасланні народу і «парламенту». Калі Масква мэтанакіравана круціць пласцінку «Вашыя фінансы спяваюць рамансы», то ўтойваць шыла ў мяшку стане значна больш складана.

Заявы Кудрына выглядаюць як адказ на артпадрыхтоўку, якую вёў перад візітам Пуціна беларускі бок, вінавацячы Маскву ў блакаванні сумеснага антыкрызіснага плану і невыкананні іншых «саюзных» абяцанняў эканамічнага плану. Падтэкст маскоўскага адказу просты: маўчыце ў анучку, вы жа без пяці хвілін банкруты!

Як заўсёды ў адносінах паміж Масквой і Менскам, тут змяшаныя ў адным флаконе эканоміка і палітыка. Расея хоча адчытаць не толькі за ўтрыманскія замашкі і кінутые напярэдадні камяні ў горад Пуціна, але яшчэ і за гульні з Еўропай і непрызнанне каўказскіх рэспублік.

У прынцыпе, пасля такіх выхаваўчых мер Крэмль звычайна дабрэе і нешта дае. Усё жа страшнавата губляць апошняга партнёра, хай сабе і даволі слізкага.

Сочым за развіццём сюжэту. Яшчэ не вечар.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках