9 лiстапада 2024, Субота, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марыяна Груздзіловіч: «Сёння важна выявіць салідарнасць з тымі, хто пакутуе ад рэпрэсіяў»

2

Звольненая за Дзень Волі выкладчыца Марыяна Груздзіловіч далучылася да галадоўкі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 былая выкладчыцы адукацыйнага цэнтра «SOL Minsk» Марыяна Груздзіловіч матывавала сваё рашэнне абвясціць галадоўку пратэстам супраць рэпрэсіяў беларускіх уладаў.

«Я абвясціла пра галадоўку 5 траўня, калі ўдзельнічала ў акцыі салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы, -- кажа Груздзіловіч. -- Мне вельмі шкада Аўтуховіча, які галадае ў СІЗА. Я ведаю, што ў яго ёсць праблемы са здароўем. І хачу выявіць з ім салідарнасць. Таксама сваёй галадоўкай я хачу выказаць пратэст супраць пераследаў па палітычных матывах, пад якія патрапіла і я».

Марыяна Груздзіловіч працавала ў камерцыйным адукацыйным цэнтры «SOL Minsk» са жніўня 1998 года. 25 сакавіка яе звольнілі за расповяд навучэнцам падчас лекцыі пра Дзень Волі. Неўзабаве пасля таго, як гэтая тэма стала здабыткам грамадскасці дзякуючы інфармацыі незалежных СМІ, 31 сакавіка выкладчыцу аднавілі на працы. Аднак, як узгадвае Марыяна Груздзіловіч, прапрацаваць у яе атрымалася ўсяго толькі адзін дзень, пасля чаго яна напісала заяву аб звальненні па ўласным жаданні.

«Мяне аднавілі на працы, але стварылі такія ўмовы, што я не магла там больш заставацца, -- распавядае Марыяна Груздзіловіч. – 3 красавіка я размаўляла з дырэктарам. Мы развіталіся на той ноце, што мяне аднавілі на працы, аднак не было сказана, калі я павінна прыступіць да выканання сваіх працоўных абавязкаў. 6 красавіка ў 16:30 мне прыйшла тэлеграма, дзе было сказана, што ў гэты дзень я павінна з'явіцца на працу. А заняткі пачыналіся ў 16:10. Гэта значыць, мне адразу ж пасля ўзнаўлення арганізавалі прагул. Да таго ж атмасфера на працы стала вельмі напружанай. Думаю, што сёння вельмі важна выявіць салідарнасць з тымі, хто пакутуе ад рэпрэсіяў».

Нагадаем, што акцыі салідарнасці з палітвязнямі праходзяць у Менску кожны дзень. Беларусы выходзяць на вуліцы ў знак падтрымкі палітвязняў, адзін з якіх, Мікалай Аўтуховіч, трымае бестэрміновую галадоўку, якая сур'ёзна пагражае яго жыццю. Вязень сумлення галадае ўжо 20 дзён.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках