30 снежня 2024, панядзелак, 22:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 гадоў таму быў выкрадзены генерал Юры Захаранка

8
10 гадоў таму быў выкрадзены генерал Юры Захаранка

Сёння, у гадавіну знікнення былога міністра ўнутраных справаў Беларусі і аднаго з лідэраў апазіцыі, у 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пройдзе акцыя памяці.

Генерал Юры Захаранка бясследна знік 7 траўня 1999 года. Сведкі выкрадання, якія былі знойдзеныя не следчымі органамі, а грамадскай камісіяй па пошуку зніклага генерала, сцвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна вывезены некалькімі мужчынамі.

Некалькі гадоў таму Захаранка быў звольнены са сваёй пасады як той, хто не падзяляе пункт гледжання Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння. Экс-сілавік карыстаўся павагай у асяроддзі сваіх калегаў, займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Таму яго апазіцыйная дзейнасць з'яўлялася асабліва небяспечнай для ўладаў.

Шмат хто ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не скончанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і яго лёс, невядомыя.

Нядаўна пракуратура Менска падоўжыла да 24 чэрвеня расследаванне справы аб знікненні экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі.

«Тэрміны расследавання падоўжылі да 24 чэрвеня 2009 года, -- сказаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Алег Воўчак. -- Гэта стандартная даведка з трох прапановаў, якая, па сутнасці, з'яўляецца чарговай адпіскай. У мяне іх набралася ўжо каля 15. Такімі апавяшчэннямі пракуратура хоча проста адсправаздачыцца перад Камісіяй па недобраахвотных знікненнях пры Радзе па правах чалавека ААН. Можна канстатаваць, што расследаванне не зрушылася з месца. Надзеяў на тое, што нешта зменіцца, у нас па-ранейшаму няма».

Міжнародная супольнасць лічыць, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідэраў беларускай апазіцыі датычныя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі: былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, экс-сакратар Рады Бяспекі Віктар Шэйман, былы камандзір спецпрызна ўнутраных войскаў Дзмітры Паўлічэнка, экс-міністр унутраных справаў Юры Сівакоў.

Аб'яднаная грамадзянская партыя мае намер правесці 7 траўня, у 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска «ланцуг памяці», прысвечаны 10-й гадавіне з дня знікнення былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі.

«Мы маем намер правесці акцыю на Кастрычніцкай плошчы Менска, бо справа аб знікненні генерала Захаранкі не расследуецца. Улады нічога не робяць для таго, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у выкраданні Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага. Мы лічым, што тэма палітычных знікненняў павінна ўвесь час узнімацца на міжнародным узроўні. У апошні час некаторыя еўрапейскія палітыкі перасталі звяртаць ўвагу на гэтую праблему, хоць раней гэты пункт быў адным з асноўных падчас перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў. Але справа Юрыя Захаранкі і іншых зніклых – не мае тэрміна даўнасці і не залежыць ад палітычнай кан'юнктуры. Ніхто не забыты і нішто не забыта. Калі хтосьці думае, што справа Захаранкі, як і іншых выкрадзеных, спісаная ў архіў, ён глыбока памыляецца», - заявіў палітык у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Сёння на Кастрычніцкай плошчы, у 18.00 таксама пройдзе акцыя з патрабаваннем вызваліць палітвязняў. Акцыі салідарнасці з палітвязнямі праходзяць у Менску ўжо на працягу тыдня. Адзін з вязняў сумлення, Мікалай Аўтуховіч, ужо 21 дзень трымае ў турме бестэрміновую галадоўку пратэсту, якая сур'ёзна пагражае яго жыццю.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках