15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм’ер-міністр Чэхіі сустрэўся з беларускімі дэмакратамі

2

Напярэдадні саміта «Усходняе партнэрства» прэм’ер-міністр Чэхіі Мірэк Тапаланэк сустрэўся з лідэрамі беларускай апазыцыі Івонкай Сурвілай, Аляксандарам Казуліным, Аляксандар Мілінкевічам, Зянонам Пазьняком і Станіславам Шушкевічам.

«Мы прыехалі дзеля размоваў з рознымі палітыкамі пра «Усходняе партнэрства». Мы ўсе вельмі вітаем гэтую новую ініцыятыву Эўропы, але адначасова ёсьць шмат заўвагаў і шмат жаданьняў. Мы хацелі, каб «Партнэрства» было першым крокам Беларусі ў Эўропу. Каб Беларусь нарэшце заняла там сваё месца, якое ёй належыць. І калі некаторыя рэчы ня будуць усталяваныя так, як трэба, то гэта ня толькі ня зблізіць Беларусь з Эўропай, а будзе мець толькі адваротны вынік.

Мы выказалі нашу думку, што вельмі важна, каб гэта ня быў альянс паміж Лукашэнкам і Эўропай. Каб гэта была дамова Эўропы з беларускім народам. А для гэтага трэба, каб адным з удзельнікам гэтай дамовы была грамадзянская супольнасьць. І калі будзе стаяць такая ўмова ад самога пачатку, то Лукашэнку давядзецца альбо прыняць яе альбо не пагадзіцца. А калі грамадзянская супольнасьць будзе часткай гэтай дамовы, я думаю, яна здолее прасачыць, каб усе ўмовы былі выкананыя», - паведаміла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».

«Мы паставілі перад сабой задачу давесьці сваю аргумэнтацыю палітыкам Эўразьвязу, што нельга Лукашэнку запрашаць у Прагу. Фактычна гэта ўдалося зрабіць. Гэта ня значыць, што гэта толькі мы зрабілі – але атрымалася тое, што мы хацелі. Гэта быў вельмі важны аспэкт для беларусаў – магчымая прысутнасьць Лукашэнкі ў Празе. Нашай моладдзю, неабыякавымі людзьмі гэта ўспрымалася б вельмі нэгатыўна, пэсімістычна, як здрада інтарэсаў Беларусі. Нават візыт у Рым паказаў, што многія вельмі балюча гэта ўспрынялі. А Лукашэнкам гэта было б успрынята як карт-блянш для яго палітыкі, ён пачаў бы лічыць, што можна працягваць рэпрэсіі. Ня ўсе гэта разумелі – задачай было гэта давесьці. Дзякуй Богу, гэта ўдалося», - заявіў лідэр КХП БНФ Зянон Пазняк.

«Эўропа знайшла спосаб выдзеліць пэўныя сродкі на тое, каб ня толькі на Поўдні Эўропы, як гэта было зь Міжземнаморскай праграмай, але і на Ўсходзе Эўропы разьвівалася дэмакратыя. Беларусь хочуць бачыць прававой дзяржавай, бо яны разумеюць, што цяпер гэта не прававая дзяржава, што гэта дзяржава, у якой няма дэмакратыі, у якой няма выбараў, дзе без падліку галасоў проста прызначаюцца пэўныя пэрсоны. І яны кажуць, што гэта ня лепшы варыянт разьвіцьця на Ўсходзе, таму давайце неяк параім або скажам, што трэба шукаць такі падыход, які б прадугледжваў дабрабыт людзей, каб людзі адчувалі сябе прыстойна. І мала што трэба было тлумачыць Мірку Тапаланку, бо ён разумее, што ў Беларусі, і разумее тое, што ён знаходзіцца апошнія дні на чале ўраду Чэхіі, і ён кажа так: калі мы з вамі высьветлім пэўныя пытаньні, то і тыя, хто будзе далей на чале ўраду, і тыя, хто будзе ўзначальваць Эўразьвяз – яны пойдуць тым шляхам, які мы зараз з вамі агаворым», -- распавёў былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках