14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Масква даб'е афіцыйны Менск балтыйскай трубой

25

Страты Беларусі ў выпадку ўвядзення ў строй БТС-2 эксперты ацанілі ў 600–700 мільёнаў даляраў у год.

Як адзначае расейская «Независимая газета», не праходзіць і дня без навінаў пра чарговае абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Масквой і Менскам. Учора, у самы разгар малочнай вайны, расейская кампанія «Транснафта» заявіла пра пачатак будаўніцтва другой чаргі «Балтыйскай трубаправоднай сістэмы» (БТС-2). Гэты трубаправод стане альтэрнатывай цяперашнім шляхам транспартоўкі расейскай нафты ў Еўропу, якія праходзяць праз Украіну і Беларусь.

«Дзякуючы гэтаму праекту зніжаюцца ўсе рызыкі, звязаныя з фактарамі, якія могуць паўплываць на надзейную пастаўку нашых энерганосьбітаў», – заявіў учора віцэ-прэм'ер Ігар Сечын на цырымоніі зваркі першага стыку.

Ён адзначыў, што праект БТС-2 здыме частку рызыкаў пры рэалізацыі Украінай планаў па праекце Адэса–Броды, якія могуць нанесці прамую шкоду расейскім нафтавым кампаніям з-за закрыцця паўднёвай галіны нафтаправода «Дружба», а пасля і паўночнай галіны. У сваю чаргу, прэзідэнт «Транснафты» Мікалай Токараў патлумачыў, што загрузка новай сістэмы, у прыватнасці, можа быць забяспечаная за кошт акумулявання нафты з іншых накірункаў у аб'ёме 30 млн. тон.

Траса нафтаправода пройдзе па маршруце Унеча–Усць-Лугі (Ленінградская вобласць) з адгалінаваннем на Кірышскі нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ). Будаўніцтва нафтаправода працягласцю каля 1170 км будзе ажыццяўляцца ў два этапы. На першым, увядзенне якога ў эксплуатацыю запланаванае на верасень 2012 года, плануецца збудаванне пускавога комплексу з прапускной магутнасцю да 30 млн. тон. На другім этапе, дзе працы скончацца да снежня 2013 года, будзе ажыццёўленае будаўніцтва чарговага пускавога комплексу з давядзеннем прапускной здольнасці нафтаправода да 50 млн. тон у год.

Новы маршрут абыходзіць тэрыторыю Беларусі, па якой да гэтага часу транспартавалася вялікая частка расейскай нафты на Захад. У прыватнасці, па нафтаправодзе «Дружба», прапускная магутнасць якога складае каля 100 млн. тон нафты ў год. Зрэшты, як тлумачаць эксперты, у апошнія гады прапампоўка па ім складала каля 80 млн. тон штогод.

Тым не менш, адзначае «Независимая газета», пачаўшы будаўніцтва БТС-2, Масква не проста нанясе страты эканоміцы Беларусі, але і засцеражэ сябе ад магчымых капрызаў Менска. Выданне ўпэўненае, што пачатак будаўніцтва БТС-2 чыста выпадкова супаў з малочнай вайной паміж Масквой і Менскам. Рашэнне будаваць нафтаправод у абыход Беларусі было прынятае яшчэ ў студзені 2007 года. Тады Расея на чатыры дні прыпыніла пастаўкі нафты ў Еўропу па нафтаправодзе «Дружба», пасля таго як Беларусь нечакана ўвяла пошліны на транзіт нафты па беларускай тэрыторыі. Канфлікт атрымалася ўладзіць, пасля падпісання расейска-беларускага міжурадавага пагаднення пастаўкі аднавіліся ў поўным аб'ёме, але адпаведныя высновы Масква ўжо зрабіла, піша газета.

Эксперты ўпэўненыя ў тым, што пачатак будаўніцтва альтэрнатыўнага нафтавага маршруту сур'ёзна ўмацуе пазіцыі Расеі на еўрапейскім рынку, дазволіўшы скараціць залежнасць ад краінаў-транзіцёраў. «З гэтага пункту гледжання БТС-2 цалкам адпавядае абранай стратэгіі па мінімізацыі транзітных рызыкаў, – упэўнены эксперт дэпартамента ацэнкі кампаніі «2К Аўдыт – Дзелавыя кансультацыі» Пётр Клюеў. – Акрамя таго, адсутнасць пасярэднікаў пры транспартоўцы энерганосьбітаў дазволіць Расеі яшчэ і пазбегнуць рэпутацыйных стратаў». Да таго ж, адзначае ён, з эканамічнага пункту гледжання праект таксама мае свае плюсы. «Маршрут БТС-2 дазволіць значна загрузіць магутнасці паўночных партоў Расеі, што мяркуе магутны штуршок да развіцця гэтага рэгіёна», – лічыць аналітык.

На думку вядучага аналітыка ІК «Файнэншл Брыдж» Дзмітрыя Аляксандрава, з увядзеннем БТС-2 залежнасць Расеі ад нафтавага транзіту па тэрыторыі Беларусі паступова знізіцца прыкладна ў 8–10 разоў. «У выпадку паспяховай рэалізацыі праекту Менск пазбавіцца 50 мільёнаў тон транзітнай нафты ў год, – падлічыў эксперт. – Пры цяперашнім тарыфе на прапампоўку нафты ў 2 даляры за 100 км страты Беларусі прыблізна могуць скласці ад 600 да 700 мільёнаў даляраў у год».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках