15 лiстапада 2024, Пятніца, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фестываль Be2gether-2009: Лівень, цыганскія панкі і Belarus Freedom (Фота)

3

Міжнародны музычны фестываль Be2gether, нягледзячы на малады ўзрост, ужо зараз можна назваць Вудстокам Усходняй Еўропы.

Трэці год запар на яго з'язджаюцца беларусы, палякі, літоўцы, латышы. Па прызнанні арганізатараў, Be2gether-2009 стаў самым масавым. І калі раней у намётавым мястэчку ў асноўным гучалі галасы літоўцаў, сёлета беларуская мова ўзяла рэванш – Be2gether-2009 сабраў некалькі тысяч беларусаў.

Першы дзень фестываля (12 чэрвеня) быў азмрочаны ліўнем. Таму нядзіўна, што ў Вільнюсе і бліжэйшых гарадах самымі папулярнымі таварамі сталі гумовыя боты і дажджавікі.

Аднак, нягледзячы на надвор'е, пятніцкім вечарам танцпол каля галоўнай сцэны фестывалю быў больш чым ажыўлены. Хэдлайнеры першага дня Be2gether цыганскі панк-рок-гурт Gogol Bordello з ЗША давялі, што надвор'е робіць мастацтва. Запальныя песні ў выкананні экспрэсіўнага эмігранта з Кіева Яўгена Гудзя прымусілі змоклых гледачоў выдатна папацець. Падчас выступу Gogol Bordello на сцэну нечакана ўзляцеў бел-чырвона-белы сцяг. Перкусіяніст гурту павесіў яго сабе на шыю, чым выклікаў весялосць гледачоў.

У суботу на фестывалі ў Нарвілішках выступілі два беларускія груты The Toobes і «Ляпіс Трубяцкі» . Дарэчы, «Ляпісы» – адзіны гурт, які выступае на Be2gether у другі раз. Пасля выхаду ў свет альбома «Маніфест» арганізатары вырашылі запрасіць «Ляпісаў» паўторна. І, трэба сказаць, арганізатары Be2gether-2009 не прамахнуліся з выбарам. Выступленне беларускага гурта сабрало каля галоўнай сцэны не менш за тысячу чалавек. Над танцполам луналі бел-чырвона-белыя сцягі. А падчас песні Belarus Freedom фронтмэну гурта Сяргею Міхалку падпявалі сотні гледачоў.

Закрывалі фестываль ветэраны альтэрнатыўнай музыкі, швецкі гурт Clawfinger. Выступ хэдлайнераў стаў адным з самых яскравых і эмацыйных дзеяў Be2gether-2009. У той час як вакаліст Зак Тэл абліваў гледачоў вадой, гітарыст гурта скакаў з чатырохметровай вышыні ў натоўп і паказваў майстэрства «кідання» гітары ўпоперак сцэны.

Раніцай 14 чэрвеня наведвальнікі Be2gether складалі намёты і пакавалі змакрэлыя за некалькі дзён рэчы. Еўрапейскі фестываль скончыўся, аднак водгукі аб ім гучалі нават увечары на літоўска-беларускай мяжы. Доўгая чарга машын расцягнулася на некалькі кіламетраў. А з іх магнітол даносіліся песні «Ляпісаў».

Амбасадар Літвы ў Беларусі спадар Богданас прыехаў на фестываль з сябрамі

Фота «Еўрарадыё»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках