9 лiстапада 2024, Субота, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады пайшлі на саступкі Расеі ў «малочнай» вайне

19

Беларусь гатовая адмовіцца ад экспарту ў Расею сухога малака ў другім і трэцім кварталах 2009 года.

Пра гэта паведамляе РИА Новости са спасылкай на Мінсельгас Расеі.

Па словах міністра сельскай гаспадаркі Расеі Алены Скрыннік, у Мінсельгас паступіла «вусная прапанова з боку беларусаў адмовіцца ад увозу ў РФ сухога малака». На думку Мінсельгаса, гэтая прапанова для Расеі «пазітыўная», паколькі дазволіць расейскім сельгасвытворцам «па адэкватных коштах прымальна рэалізоўваць сваё малако». «Яны гатовыя падпісаць гэтае пагадненне», - адзначыла Скрыннік.

Раней прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін заяўляў, што Расея і Беларусь дамовіліся аб аднаўленні паставак малочнай прадукцыі ў Расею, якія былі спыненыя на рашэнне Расспажыўнагляда. Паводле яго словаў, у Расею будзе экспартавацца менш сухога малака, але больш тварагу і сыра. Зрэшты, пакуль Расспажыўнагляд не дазволіў аднавіць пастаўкі, нагадвае Lenta.ru.

Увоз у Расею 600 відаў беларускіх малочных прадуктаў быў забаронены Расспажыўнаглядам 6 чэрвеня з-за таго, што на іх не былі аформленыя дакументы ў адпаведнасці з расейскім тэхнічным рэгламентам на малако, якія ўступілі ў сілу ў снежні 2008 года. Пазней Расспажыўнагляд заявіў, што забараніў пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі ў некаторых абласцях Расеі яшчэ па 800 найменнях.

Забарона Расспажыўнагляда з'явілася у перыяд рэзкага пахаладання адносінаў паміж Масквой і Менскам, выкліканага нежаданнем Расеі выдаваць абяцаны крэдыт у 500 мільёнаў даляраў.

9 чэрвеня міністры замежных справаў Расеі і Беларусі заявілі, што забарону на ўвоз у Расею беларускай малочнай прадукцыі нельга лічыць санкцыямі супраць Менска. Аднак канфлікт усё ж выйшаў на палітычны ўзровень.

Аляксандр Лукашэнка адмяніў візіт у Маскву на сесію Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Таксама 13 чэрвеня стала вядома, што Менск можа ўзмацніць жорсткасць памежнага кантролю з Расеяй.

15 чэрвеня стала вядома, што Масква можа пачаць яшчэ і «газавую вайну» з Менскам. Справа ў тым, што «Газпрам» можа прад'явіць Менску пазоў у сувязі з няпоўнай аплатай імпартаванага газу. Беларусь у першым квартале атрымлівала паліва з разліку сярэднегадовага кошту ў 150 даляраў за тысячу кубаметраў пры кантрактным кошце ў 210 даляраў за той жа аб'ём. Падставай для гэтага стала вусная дамоўленасць паміж Дзмітрыем Мядзведзевым і Аляксандрам Лукашэнкам, якая, аднак, ніяк не аформленая дакументальна.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках