9 лiстапада 2024, Субота, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскі АМАП разагнаў акцыю салідарнасці з палітвязнямі (Абноўлена, фота)

3

Былі арыштаваныя моладзевыя лідэры Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і іншыя апазіцыянеры.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» вышлі да кінатэатра «Беларусь» з расцяжкай «Свабоду палітвязням!» і партрэтамі Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава.

На месца правядзення акцыі прыбылі супрацоўнікі АМАПа і міліцыі, якія арыштавалі Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Паліну Кур'яновіч, Алега Ладуцьку, Ірыну Пятрову і яшчэ некалькі чалавек, прозвішчы якіх невядомыя.

Затрыманых даставілі ў Цэнтральны РУУС Менска. Маладых апазіцыянераў пратрымалі ў аддзяленні міліцыі каля двух гадзінаў, і вызвалілі без складання пратаколаў.

«Мы праводзілі акцыю салідарнасці каля кінатэатра «Беларусь». Трымалі партрэты палітвязняў, расцяжку, еўрапейскі і нацыянальны сцягі. Праз 20 хвілінаў на месца правядзення мерапрыемства прыбылі супрацоўнікі міліцыі і АМАПа. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі паведаміў нам, што, калі мы скончым акцыю, дык мы не будзем затрыманыя. Аднак, калі мы сталі разыходзіцца, міліцыянты сталі хапаць людзей і запіхваць у аўтазак. Калі я спытаў міліцыянта, чаму ж ён не стрымаў дадзенае нам слова афіцэра, ён не змог сказаць нічога выразнага. Мне вельмі шкада, што цяперашняя ўлада давяла міліцыю да такога стану, што некаторыя міліцыянты страцілі ўяўленне пра гонар. Акцыі салідарнасці будуць працягвацца, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні і ў краіне не спыняцца палітычныя рэпрэсіі», -- паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Яўген Афнагель.

Сёння ў Беларусі адзначаецца традыцыйны Дзень Салідарнасці. 16 дня кожнага месяца ў краіне і ва ўсім свеце праходзяць акцыі з патрабаваннем да беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі і вызваліць з турмаў вязняў сумлення.

Лідэры прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). Праваабаронцы лічаць затрыманых палітвязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай грамадскасцю вязнямі сумлення.

Застаюцца абмежаванымі ў правах прысуджаныя да абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў удзельнікі «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач, Павал Вінаградаў, Максім Дашук і Аляксандр Баразенка.

Фота jeans-by.com

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках