9 лiстапада 2024, Субота, 5:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макей аб лёсе палітзняволенага Аўтуховіча: «Гэта пытанне няпростае»

24

Старшыня ТБМ смог запытацца у кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі: калі асудзяць або вызваляць Мікалая Аўтуховіча?

17 чэрвеня адбылося паседжанне так званага «грамадска-кансультатыўнага савета» пры адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, у якім прыняў удзел кіраўнік адміністрацыі Ўладзімір Макей. Яно было прысвечанае праблеме гуманізацыі пенітэцыярнай сістэмы і прайшло ў Жодзіна (Смалявіцкі раён, Менская вобласць) на тэрыторыі выпраўленчай установы «Турма № 8».

Падчас выязнога паседжання абмяркоўваліся такія пытанні як ужыванне ў Беларусі смяротнага пакарання, а таксама ўмовы ўтрымання зняволеных у беларускіх выпраўленчых установах.

Як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі’97, старшынём арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» («Общество белорусского языка») Алегам Трусавым была паднятая праблема папярэдняга зняволення ў Беларусі, якое ніяк не рэгламентаванае Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі.

«Мы абмяркоўвалі змены, якія трэба занесці ў заканадаўства, каб сітуацыя ў пенітэцыярнай сістэме змянілася ў лепшы бок. Я вырашыў агучыць ідэі нябожчыка Аляксандра Патупы. Ён у прыватнасці, выступаў за тое, каб у Беларусі быў пэўны канкрэтны тэрмін папярэдняга зняволення. Ён павінен быць кароткі. Напрыклад, 2 месяцы. За гэты час следства павіннае вырашыць: вінаваты чалавек ці не. Калі вінаваты -- перадаць справу ў суд. Калі невінаваты – неадкладна вызваліць. А ў нас жа атрымліваецца, што людзі могуць сядзець да суду бясконца доўга, тэрмін знаходжання пад вартай да суду можа стала падаўжацца», -- распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 Алег Трусаў.

Выкладаючы кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі гэтую праблему, грамадскі дзеяч прывёў прыклад з арыштам лідэра прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча.

«Я сказаў, вось паглядзіце: у турме сядзіць Мікалай Аўтуховіч. Аб чалавеку ўвесь свет кажа. У цяжкіх умовах турмы ён знаходзіцца з лютага месяца. Яго не судзяць, і не вызваляюць. Трэба яго або судзіць, або выпускаць. Але трымаць чалавека бясконца ў турме немагчыма. У адказ на гэта Макей сказаў, што «гэта пытанне няпростае», але што яны будуць яго вырашаць. Чаму «няпростае», вядома, не растлумачыў. Вельмі добра, што з намі быў амбасадар АБСЕ, ён усё гэта чуў», -- распавёў Алег Трусаў.

Лідэры прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). Праваабаронцы лічаць затрыманых палітвязнямі, зважаючы на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках