16 лiстапада 2024, Субота, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праезд падаражэе мінімум да 1.000 рублёў

56

Менгарвыканкам падрыхтаваў прапановы па павелічэнні кошту праезду ў грамадскім транспарце Менска.

Сталічныя транспартнікі настойваюць на тым, каб талончыкі падаражэлі мінімум да тысячы рублёў, піша «Заўтра тваёй краіны».

«Такі тарыф дазволіць хоць трохі выправіць крытычную сітуацыю, у якой знаходзіцца наша служба, -- кажа дырэктар ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валер Шкуратаў. – Бюджэт прадугледжвае 70-адсоткавую акупляльнасць грамадскага транспарта. Мы сёння з працай выходзім на 40 адсоткаў. Прыходзіцца скарачаць рэйсы, у не пікавыя гадзіны здымаць з маршрутаў аўтобусы і тралейбусы. Насельніцтва пакрывае толькі адну траціну выдаткаў па перавозках. Бюджэтныя выдаткі на транспарт не павялічваюцца, а кошты на электраэнергію і запчасткі растуць. За год з усёй сферы паслуг толькі на камунальны транспарт не былі падвышаныя тарыфы, хоць студзеньская дэвальвацыя нас закранула гэтак жа, як і ўсіх».

У апошні раз кошты на праезд у грамадскім транспарце падвышаліся ў жніўні мінулага года. Зараз менчукі плацяць за праезд 600 рублёў. Папярэдні кошт на талончык – 500 рублёў – пратрымаўся амаль два гада, з 28 ліпеня 2006-га. Гэта быў своеасаблівы рэкорд, улічваючы, што, напрыклад, у 2005 годзе праезд даражэў двойчы: і ўлетку, і ўзімку.

Па словах Валера Шкуратава, з-за фінансавых праблем, Менск сёлета не змог закупіць ні аднаго новага аўтобуса, тралейбуса, трамвая. Застаўся без 30 новых вагонаў сталічны метрапалітэн.

«Людзі проста перасталі аплачваць праезд, -- кажа Валер Шкуратаў. –Кантрольна-рэвізійныя службы ахапляюць толькі 5% усяго грамадскага транспарта. Але з тых, каго кантралёры затрымоўваюць, штраф плацяць толькі 25 адсоткаў безквітоўнікаў, астатнія проста ўцякаюць і застаюцца бяскарнымі. Кантралёр жа не мае правы праверыць у пасажыра дакументы, ён павінен выклікаць міліцыю. Ды і сума штрафу смешная – 0,2 адсоткі базавай велічыні».

Афіцыйны ліст з просьбай падвысіць кошт праезду ў грамадскім транспарце Менгарвыканкам накіраваў ва ўрад яшчэ ў красавіку. Сталічных транспартнікаў падтрымалі калегі з усіх абласных цэнтраў і буйных гарадоў Беларусі. Аднак ва ўмовах, калі амаль усе беларускія прадпрыемствы перайшлі на трох або чатырохдзённы рэжым працы, улады не вырашыліся ўзнімаць кошты на праезд.

«Да канца чэрвеня будзе гатовы новы ліст, – кажа Валер Шкуратаў. – Хоць я мала веру ў тое, што ў летні перыяд урад вырашыць падвышаць кошт праезду, хутчэй за ўсё, па новых тарыфах грамадзяне пачнуць ездзіць у верасні».

Дарэчы, падвышэнне кошту на талончыкі – не адзіная прапанова Менгарвыканкама. Па словах дырэктара «Сталічнага транспарта і сувязі», у хуткім часе будзе занесеныя змены ў артыкул 18 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, у якім вядзецца аб безквітковым праездзе.

«Штраф плануецца падвысіць да адной базавай велічыні, -- удакладняе Валер Шкуратаў. – Усе ўзгадненні дадзеная норма ўжо прайшла, думаю, што з 1 ліпеня гэтыя змены будуць занесеныя ў адміністрацыйны кодэкс і памер штрафу будзе ўжо не 7, а 35 тысяч».

Кожны раз павелічэнне кошту за праезд транспартнікі тлумачаць нізкім узроўнем пакрыцця насельніцтвам выдаткаў па перавозках. Аднак, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта за мінулы год, аплата паслуг грамадскага транспарта ў структуры выдаткаў беларусаў заняла трэцяе, пасля паслуг ЖКГ і сувязі, месца і склала амаль 14 адсоткаў.

У той жа час, напрыклад, у структуры выдаткаў на ўтрыманне транспарта на першым месцы знаходзіцца не закуп запчастак або абнаўленне аўтапарка, а заработная плата працаўнікоў галіны. Яе ўдзельных вага складае амаль 47 адсоткаў, а выдаткі, напрыклад, на гаруча-змазачныя матэрыялы -- 14 адсоткаў, электраэнергію -- 13 адсоткаў, цеплавую энергію – 12 адсоткаў.

Варта адзначыць, што сярэдні заробак на транспарце адзін іх самых высокіх у краіне. У 2008 годзе транспартнікі зараблялі больш, чым працаўнікі прамысловасці, сувязі, гандлю, не кажучы аб прадстаўніках такіх бюджэтных сфер, як адукацыя і ахова здароўя. Толькі будаўнікі атрымлівалі больш за транспартнікаў. Сярэдні заробак у будаўніцтве ў 2008 годзе склаў 1 мільён 169 тысяч рублёў, а на транспарце – 1 мільён 80 тысяч рублёў. Для параўнання: настаўнікі і педагогі атрымлівалі, у сярэднім, 629 тысяч, а працаўнікі сельскай гаспадаркі ўсяго толькі 570 тысяч.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках