27 снежня 2024, Пятніца, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны Банк: Ад дэфолту Беларусь пакуль ратуюць толькі крэдыты

28
Сусветны Банк: Ад дэфолту Беларусь пакуль ратуюць толькі крэдыты

Адносіны кароткатэрміновага знешняга доўгу да золатавалютных рэзерваў у Беларусі з'яўляюцца самымі высокімі сярод краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якія развіваюцца.

Фактычна ад дэфолту нас утрымліваюць толькі актыўныя знешнія запазычанні. Такая выснова ўтрымліваецца ў апублікаваным у панядзелак даследванні Сусветнага банка «Фінансаванне глабальнага развіцця ў 2009 годзе: контуры глабальнага эканамічнага ўзнаўлення», піша БДГ.

Паводле дадзеных на люты, кароткатэрміновы валавы знешні доўг Беларусі амаль утрая перавышаў узровень золатавалютных рэзерваў.

Замежныя крэдыты дазволілі крыху палепшыць гэтую статыстыку. Паводле дадзеных Нацбанка, на 1 красавіка 2009 года кароткатэрміновы знешні доўг Беларусі склаў 8,194 млрд. даляраў, у той час як міжнародныя рэзервовыя актывы краіны па вызначэнні МВФ на тую ж дату склалі 3,955 млрд. даляраў. Фактычна нашая краіна ўваходзіць у спіс дзяржаваў рэгіёна, якія ратуюцца ад дэфолту толькі з дапамогай актыўных знешніх запазычанняў.

Трывожны паказчык дэманструюць таксама Латвія, кароткатэрміновы знешні доўг якой у лютым перавысіў узровень ЗВР у 2,5 разы, і Балгарыя, у якой гэтыя паказчыкі прыкладна роўныя. У выпадку неабходнасці пакрыць кароткатэрміновы знешні доўг з рэзерваў больш за палову ЗВР сышло б ў Польшчы, Македоніі, Малдовы, Румыніі і Казахстана. Паводле дадзеных Сусветнага банка, краіны СНД павінны сёлета зрабіць выплату па знешніх даўгах у памеры 283 млрд. даляраў, аднак сярод краінаў з высокім кароткатэрміновым знешнім доўгам сродкі, якія дазваляюць пакрыць доўг, ёсць толькі ў Расеі.

У такой сітуацыі краіны Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якія развіваюцца, імкнуцца прыцягнуць фінансаванне міжнародных фінансавых інстытутаў. З верасня 2008 года па травень 2009 года 9 краінаў рэгіёна, у тым ліку Беларусь, дасягнулі дамоўленасці з МВФ аб прыцягненні фінансавання агулам на 55,8 млрд. даляраў, і 6 краінаў заключылі пагадненні з інстытутамі, якія супрацоўнічаюць з Сусветным банкам. Паведамляецца, што варыянты супрацоўніцтва па стабілізацыйных праграмах МВФ вывучаюць таксама Турцыя і Літва.

Для невялікіх краінаў нашага рэгіёна, якія развіваюцца, сітуацыя тым больш сур'ёзная, што іх фінансавыя сістэмы сутыкнуліся са скарачэннем паступленняў з Расеі. «Упершыню за дзесяцігоддзе знізіліся пераводы сродкаў з Расеі ў краіны СНД – на 25%», – паведамляецца ў дакладзе. Пераводы сродкаў з Расеі ў краіны СНД у чацвёртым квартале мінулага года склалі 3,17 млрд. даляраў, што на 2 млрд. даляраў ніжэй, чым у папярэднім квартале.

Аналітыкі Сусветнага банка зазначаюць, што ў сувязі з крызісам у Расеі ў найбольш складанай сітуацыі апынуліся невялікія краіны, што развіваюцца, эканоміка якіх цесна звязаная з расійскай і якія імпартуюць з Расеі нафту. Сярод іх Сусветны банк называе Арменію, ВУП якой у 2009 годзе знізіцца на 6%, Беларусь – на 3,3% і Малдову – на 3%. У цэлым па СНД скарачэнне ВУП складзе 6,2%.

Кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч і старшыня Берасцейскага аблвыканкама Канстанцін Сумар любяць паганяць мяч. Фота газеты "Заря"

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках