16 лiстапада 2024, Субота, 11:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спадзяванні ўладаў разбіліся аб аўтарытэт Пургурыдэса

2

Беларусі не вярнулі статус спецыяльна запрошанай у Парламенцкую асамблею Рады Еўропы. Дэпутаты ўхвалілі даклад Андрэа Рыгоні, але з істотнай папраўкай.

У праграму летняй сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы недзе паміж выбарамі члена Еўрапейскага суда па правах чалавека ад Сан-Марына і паседжаннем спецыяльнага трыбуналу па Лівану, зачасалася і беларускае пытанне. Дэпутаты павінны былі заслухаць спецдакладчыка па Беларусі італьянца Андрэа Рыгоні, і пасля спрэчак прагаласаваць аб вяртанні палаце прадстаўнікоў статусу спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ.

У пачатку 1990-х гадоў Беларусь ужо валодала гэтым статусам, але пасля рэферэндуму 1996 году была яго пазбаўленая. Сёння перад будынкам Парламенцкай асамблеі ў Страсбургу лунае 47 сцягоў еўрапейскіх краін. Няма толькі аднаго — беларускага.

Зрэшты, на гэты раз афіцыйны Мінск быў настроены пазітыўна і што статус спецыяльна запрошанага будзе адноўлены, сумневаў не было амаль ні ў кога.

Тым не менш, адпраўляць у Страсбург спікера палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанку ўлады не адважыліся. Палічылі, што будзе шмат нязручных пытанняў. Нягожа такому высокаму чыноўніку адчуваць разгубленасць. Адправілі ягонага намесніка спадара Іванова, былога старшыню Шклоўскага райвыканкаму. Хай ён разблытваецца.

Апазіцыю ж у Эльзас паехаў прадстаўляць лідэр АГП Анатоль Лябедзька — прынцып парытэту.

У ПАРЕ існуюць два пункты гледжання на праблему. Першы вектар прадстаўляе Андрэа Рыгоні, які лічыць, што блакаду з Беларусі трэба здымаць, шукаць кантактаў з уладамі. Цвёрдую пазіцыю ўвасабляе папярэднік Рыгоні кіпрскі дэпутат Хрыстас Пургурыдэс, знакаміты сваім мемарандумам па зніклых палітыках. Абодва гэтыя дэпутаты павінны былі выступаць у аўторак. Чыя лінія возьме?

Рыгоні пачаў пераконваць, што палітыка ізаляцыі не прынесла ніякага плёну. У прыклад станоўчых перамен ён расказаў пра вызваленне дзевяці палітзняволеных, легалізацыю трох газет, стварэнне кансультацыйных радаў з удзелам апазіцыі. «Прапаную аднавіць статус спецзапрошанага».

Але тут слова ўзяў Пургурыдэс і адразу пачаў рэзаць праўду?матку. Маўляў, парламент беларускі цалкам пад кантролем Лукашэнкі, апазіцыі там няма, апаненты рэжыму па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі.

Окей, камітэт палітычных справаў ПАРЕ не супраць прапановы Рыгоні, казаў ён, але з адной умовай — няхай Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне. Выступ Пургурыдэса сарваў апладысменты.

Групы лібералаў, сацыялістаў, дэмакратаў, народнікаў, у прынцыпе, падтрымалі даклад Рыгоні. Нечакана, што адзіным, хто з песімізмам паставіўся да дакладу, быў Аляксей Лотман ад Аб’яднаных левых (камуністы і левыя). Сітуацыю ў Беларусі ён назваў «сціплым прагрэсам». Не губляйце пільнасць, звярнуўся Лотман да калег.

Толькі потым слова далі Валерыю Іванову. Гэты чалавек з сівымі скронямі заўважна хваляваўся. Нават не ўстаў, калі пачаў прамаўляць. Кажуць, што гэта ледзь не першы падобны выпадак за гісторыю ПАРЕ. Гаварыў па-расейску, але з цвёрдым беларускім «ч».

Цікава, што ён прыводзіў прыклады дэмакратызацыі тыя ж, што і Рыгоні адзін у адзін. Праўда, вязняў сумлення назваць такімі не наважыўся. Абмежаваўся фразай «асобы, якіх ПАРЕ лічыць палітвязнямі». Спадзяюся, што сённяшняе рашэнне будзе накіраванае ў будучыню, сказаў Іваноў.

Анатоль Лябедзька выступаў эмацыйна. Спадары дэпутаты, вы кажаце пра ізаляцыю, але гэта не ізаляцыя, а самаізаляцыя, пачаў палітык свой выступ. Ён быў першым, хто ўзгадаў справу Аўтуховіча. Звяртаючыся да групы сацыялістаў, Лябедзька сказаў: «Як вы будзеце сябе адчуваць, калі чалавек памрэ ў турме?»

Напрыканцы дыскусій слова зноў узяў Рыгоні, які іранічна і крыху з’едліва адзначыў, калі працягваць чакаць, то дэмакратычныя перамены ў Беларусь могуць прыйсці і праз 30?40 гадоў. «Я, магчыма, і дажыву да гэтай пары, а вось мой калега Пургурыдэс наўрад ці».

Тым не менш, прапанова Пургурыдэса: спачатку мараторый, а пасля — статус, была падтрыманая амаль адзінагалосна. Толькі два чалавекі былі супраць, столькі ж устрымалася.

Рашэнне было сустрэтае неразуменнем на тварах дзяржаўных журналістаў. Іваноў таксама быў разгублены. «Я не чакаў такога рашэння», прызнаўся ён. На пытанне, дык будзе ўведзены мараторый ці не, віцэ-спікер пачаў казаць нешта няўцямнае пра тое, што гэта воля народу, быў рэферэндум. Доўга пагаварыць з прэсай Іванову не далі, ягоны апякун з афіцыйнай дэлегацыі ўвесь час торгаў дэпутата. «Хопіць ужо, нам пара».

Потым я падышоў да Лябедзькі. «Задаволены рашэннем, Анатоль Уладзіміравіч?» «Адмена смяротнага пакарання — гэта добра. Але лепш бы гэтай умовай былі справядлівыя выбары».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках