9 лiстапада 2024, Субота, 0:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст апазіцыі Ўладзімір Кацора абвясціў у турме сухую галадоўку

8

25 чэрвеня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля вынесла абвінаваўчы прысуд пяцёрым удзельнікам мірнай акцыі салідарнасці з выкрадзеным генералам Юрыем Захаранкам.

Актывістам апазіцыі Пятру Кузняцову, Васілю Палякову, Анатолю Паплаўнаму і цёзцы выкрадзенага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыю Захаранку вынесеныя штрафы ў памеры 700 тысяч беларускіх рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

Рэгіянальны каардынатар руху «За Свабоду» Уладзімір Кацора арыштаваны на трое сутак. У знак пратэсту палітык абвясціў сухую галадоўку прама ў зале суду.

Перад пачаткам судовага разгляду Ўладзімір Кацора, як і іншыя актывісты, выказалі недавер суддзі Марыне Дамненка. Яна занесеная рэгіянальнай радай Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС) у «чорны спіс» чыноўнікаў, якія датычныя да пераследу гомельскіх дэмакратычных актывістаў.

Суддзя адхіліла ўсе хадайніцтвы аб недаверы, выкліку сведак і патрабаванне аднаго з абвінавачваных актывістаў весці разгляд на беларускай мове. У адказ усе актывісты адмовіліся даваць якія-небудзь паказанні.

Суд завяршыўся пад агульнае скандаванне прысутных: «Ганьба!» («Позор!»).

Адзначым, што рашэнне суду Цэнтральнага раёна Гомеля супярэчыць пастанове Вярхоўнага суду. Актывісты асуджаныя за ўдзел у мірнай акцыі, якая ўяўляла сабой стаянне ў «ланцугу» з партрэтамі гвалтоўна выкрадзенага генерала Юрыя Захаранкі. Паводле пастановы Вярхоўнага суду, чалавек, які стаіць з партрэтам, не з'яўляецца ўдзельнікам масавага мерапрыемства.

Нягледзячы на гэта, суд прыцягнуў дэмакратаў да адміністрацыйнай адказнасці як за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках