15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ахмадзінежад: «У нас з Беларуссю агульныя пазіцыі па шматлікіх пытаннях міжнародных адносінаў»

10

Прэзідэнт Ірана сустрэўся 24 чэрвеня ў Тэгеране са старшынём «савета рэспублікі» Барысам Батурай.

Па словах Ахмадзінежада, «Іран і Беларусь маюць агульныя пазіцыі па шматлікіх пытаннях міжнародных адносінаў». Ён запэўніў, што Тэгеран гатовы развіваць адносіны з Менскам.

Ахмадзінежад раскрытыкаваў «агрэсіўныя сілы, якія спрабуюць аднавіць аднапалярную сістэму, маніпулюючы апошнімі падзеямі ў свеце». Па ягоным меркаванні, «свет на парозе вялікіх падзей, а дамінуючыя сілы губляюць пазіцыі». Прэзідэнт Ірана выказаўся за рост уплыву Руху недалучэння на «перабудоўванне міжнародных сістэм».

У сваю чаргу Батура назваў паспяховымі прэзідэнцкія выбары ў Іране і адзначыў «паспяховасць высілкаў Ірана па супрацьстаянні непрыкрытаму знешняму ўплыву». Ён запэўніў, што Беларусь гатовая развіваць адносіны з Іранам ва ўсіх галінах.

Кіраўнік «савета рэспублікі» падтрымаў прапанову Ірана аб стварэнні юрыдычных і судовых органаў у межах Руху недалучэння і заявіў аб гатовасці Беларусі спрыяць гэтаму, паведамляе іранскае інфармагенцтва IRNA.

Беларуская дэлегацыя на чале з Барысам Батурай наведала Іран 23 і 24 чэрвеня. Як паведамляюць іранскія СМІ, прадстаўнікі «нацыянальнага сходу» сустрэліся з міністрам замежных спраў Ірана Манучэрам Матакі і міністрам гандлю Масудам Мірказемі.

Як раней перадаваў БелаПАН, шэраг еўрапейскіх краін выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Іране, дзе пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 12 чэрвеня, апазіцыя пачала праводзіць акцыі пратэсту, якія перараслі ў беспарадкі і сутыкненні з супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Паводле афіцыйных дадзеных, перамогу на прэзідэнцкіх выбарах атрымаў дзеючы кіраўнік дзяржавы Махмуд Ахмадзінежад, які набраў 62,63% галасоў, тады як ягоны асноўны супернік - экс-прэм'ер Мірхасейн Мусаві - атрымаў 33,75%. Яшчэ да абвяшчэння вынікаў выбараў Мусаві заявіў аб сваёй перамозе, а пазней абвінаваціў улады ў падтасоўцы вынікаў галасавання.

Па неафіцыйных дадзеных, ахвярамі пратэстаў апазіцыі сталі ад 13 да 30 чалавек, каля 100 - параненыя, больш за 450 - арыштаваныя.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках