25 снежня 2024, Серада, 21:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Газавая «вайна» паміж Масквой і Менскам

31
Газавая «вайна» паміж Масквой і Менскам

Нягледзячы на «прымірэнчыя» заявы прэм'ер-міністра РФ пра захаванне ільготнага рэжыму паставак энергарэсурсаў у Беларусь, расейскія СМІ адзначаюць, што «Газпрам» працягне ціск на ўлады Беларусі.

У канцы мінулага тыдня «Газпрам» паабяцаў скараціць Беларусі пастаўкі газу, калі Менск у ліпені не пагасіць доўг у памеры 244 млн даляраў. Улады Беларусі прызналі толькі 234 млн даляраў доўгу і паабяцалі расплаціцца не раней за лістапад. Гэта азначае, што Масква і Менск, толькі, здавалася б, скончыўшы «малочную вайну», апынуліся на парозе чарговай газавай вайны, піша «Коммерсант».

Пагрозу скараціць пастаўкі расейскага газу ў Беларусь агучыў кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер. Як патлумачылі ў «Газпраме», гэтая сума доўгу складаецца з недаплаты за пастаўкі газу ў студзені-красавіку ў памеры 234 млн даляраў і штрафаў за несваечасовую аплату. Пры гэтым, як патлумачылі крыніцы газеты, манаполія сёлета заплаціла 625 млн даляраў за 12,5% акцыяў «Белтрансгаза» (давёўшы свой пакет да 37,5%) і 250 млн даляраў перадаплаты за транзіт газу праз Беларусь. Такім чынам, усяго «Газпрам» выплаціў Менску сёлета 875 млн даляраў, а значыць, грошы для разлікаў за газ у Беларусі ёсць.

Аднак Менск выконваць умовы Аляксея Мілера не мае намеру. У пятніцу першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што краіна пачне пагашаць газавую запазычанасць толькі з ліпеня і расплаціцца з «Газпрамам» не раней за лістапад. Пры гэтым, па словах Сямашкі, Менск прызнае толькі доўг 234,1 млн даляраў, а налічаныя манаполіяй штрафы плаціць не збіраецца.

Прычына рознагалоссяў, адзначае «Коммерсант» зводзіцца да таго, што бакі па-рознаму тлумачаць вынікі сустрэчы прэзідэнтаў РФ і Беларусі Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі 10 красавіка. Па версіі Менска, прэзідэнт Мядзведзеў тады паабяцаў, што Беларусь будзе разлічвацца за газ па сярэднегадавым кошце 150 даляраў за тысячу кубаметраў. Аднак «Газпрам» вусныя дамоўленасці прэзідэнтаў Мядзведзева і Лукашэнкі не прызнае. «Сапраўды, падчас перамоваў на вышэйшым узроўні пытанне (аб аплаце газу па сярэднегадывым кошце.- заўв.рэд.) абмяркоўваўся, але яно не знайшло ніякага адлюстравання ў дадатках да кантракту»,- заявіў Аляксей Мілер.

У хуткім часе ў Масквы і Менска мае быць яшчэ адна бязлітасная газавая сутычка - на гэты раз па пытанні пра кошты на газ для Беларусі ў найбліжэйшыя гады. З 2011 года «Газпрам» мае намер перавесці Менск на еўрапейскія кошты за вылікам транспартных выдаткаў. Аднак у пятніцу Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь будзе дамагацца пераносу гэтага тэрміна на 2014 год, бо «Расея на сваёй тэрыторыі не выконвае прынцып роўнапрыбытковасці». Улічваючы, што «Газпрам» заўсёды абвяргаў падобныя прапановы Менска, Расея напэўна будзе непахіснай і гэтым разам.

Тым не менш прэм'ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін 28 чэрвеня на сустрэчы з лідэрамі фракцыяў Дзярждумы ў Нова-Агарове заявіў, што Расея мае намер захоўваць ільготны рэжым паставак энергарэсурсаў у Беларусь. «У хуткім часе мы маем намер падтрымку беларускай эканомікі захаваць, маючы на ўвазе тэндэнцыю выхаду на сусветны ўзровень коштаў на энерганосьбіты», — цытуе Пуціна РИА Новости.

Прэм'ер адзначыў, што Беларусь — адзіная краіна, якая карыстаецца ў Расеі прэферэнцыямі, купляе расейскія рэсурсы «па коштах ніжэй за сусветныя, па самых нізкіх коштах у СНД».

«Менавіта ў выніку такой палітыкі з нашага боку, — заявіў Пуцін, — Беларусь стала адным з найбуйнейшых экспарцёраў нафтапрадуктаў на еўрапейскі рынак. Таму што атрымлівае нашую нафту па танных тарыфах і, маючы дастаткова нізкія вывазныя пошліны на нафтапрадукты, забяспечвае высокі збыт гэтай прадукцыі на сусветных рынках з нафтапрадуктаў і газахіміі, атрымліваючы значныя сродкі ў беларускі бюджэт».

«Гэта — не адзіны накірунак падтрымкі беларускай эканомікі», — падкрэсліў расейскі прэм'ер-міністр.

Тым не менш, як звяртае ўвагу газета «Новые известия», пра свае прэтэнзіі расейскі манапаліст «Газпрам» абвесціў у той дзень, калі афіцыйна скончылася «малочная вайна», – 18 чэрвеня. Рэакцыя Менска была нервовай: ніякіх даўгоў перад Расеяй няма. У беларускай сталіцы лічаць, што канфлікт – чыста палітычны. Так, Аляксандр Лукашэнка нядаўна на сустрэчы з кіраўніком Растоўскай вобласці Уладзімірам Чубам паведаміў, што ў Крамлі яго «спрабуюць біць больш балюча».

Беларускі палітолаг Віктар Марціновіч назваў тое, што адбываецца «пачаткам далейшага этапу вялікай гандлёвай вайны». «За малаком пайшоў газ, будзе яшчэ і нафта», – прагназуе ён. На думку эксперта, «Масква будзе «мачыць» Менск, пакуль не даб'ецца выканання як палітычных, так і эканамічных патрабаванняў. «Але, прынамсі, пытанне з прызнаннем незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі завісае – вясновая сесія «парламента» скончылася, і я не думаю, што дзеля вырашэнні пытання аб прызнанні новых рэспублікаў дэпутатаў збяруць на пазачарговую сесію», – лічыць ён.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках