15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Афганцы» патрабуюць неадкладнага вызвалення палітвязняў

1

Два сустаршыні аргкамітэта па стварэнні арганізацыі «Абаронцы Айчыны» Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі звярнуліся да Генеральнага пракурора ў абарону трэцяга сустаршыні арганізацыі Мікалая Аўтуховіча.

Афганцы просяць змяніць меру стрымання для Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе, хатні арышт, альбо іншую, незвязаную з утрыманнем пад вартай.

Праваабаронцы «раяць» Генпракурору звярнуць увагу на законнасць утрымання пад вартай Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі; запрасіць міжнародных экспертаў, чыя незалежнасць не аспрэчвалася б бакамі, і такім чынам пацвердзіць ці абвергнуць наяўнасць у следства матываў для ўтрымання Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі пад вартай да суду, піша «Беларускі партызан».

Жыхары Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка ўтрымліваюцца пад вартай з 8 лютага 2009 года па абвінавачванні ў наўмысных падпалах.

«Мікалай Аўтуховіч ужо 75 дзён галадае ў турме ў знак пратэсту супраць незаконнага ўтрымання пад вартай, -- кажацца ў звароце Алега Воўчака і Аляксандра Камароўскага. -- Яго галадоўка ўжо перайшла тую рысу, за якой надыходзіць прамая пагроза для жыцця. Патрабаванні разабрацца ў сітуацыі з арыштаванымі прадпрымальнікамі з Ваўкавыска выказваюць як грамадзяне Беларусі, так і прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў. Рэзалюцыя ПАРЕ ад 23 чэрвеня 2009 года таксама заклікае да незалежнага расследавання (п. 14). Вашае маўчанне ў гэтай сітуацыі выклікае здзіўленне».

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ўлады хаваюць падрабязнасці расследавання.

«Пры адсутнасці якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі, не можа не здзіўляць тое, як некаторыя расследаванні, якія цягнуліся з 2005 года, раптам так актывізаваліся ў 2009. Тым больш што гэта адбылося якраз пасля таго, як Мікалай Аўтуховіч стаў адным з арганізатараў грамадскага руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы айчыны», падпісаў адкрыты ліст Лукашэнкі адносна становішча ветэранаў вайны ў Аўганістане. Арыштаваныя прадпрымальнікі былі за два дні да слухання ў судзе Ваўкавыска (павінна было адбыцца 10 лютага 2009 года) справы па ўмоўна-датэрміновым вызваленні Мікалая Аўтуховіча, а, значыць, магчымага зняцця з яго абмежаванняў волі», - паведамляюць генпракурору «афганцы».

Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі заклікаюць генпракурора рассакрэціць расследаванне.

«Жыццё Мікалая Аўтуховіча сёння ў небяспекі, -- пішуць праваабаронцы. -- Яго патрабаванні, як і нашыя, дастаткова простыя - адкрыты суд ці, пры неабходнасці давання дадатковага часу следству, - змена меры стрымання М. Аўтуховічу, Ю. Лявонаву і У. Асіпенку. Пры пераводзе іх, напрыклад, пад хатні арышт, які можа ўключаць у сябе і забарону на стасункі з пабочнымі асобамі, і забарону пакідаць памяшканне, і патрабаванне тэлефанаваць, адказваць на званкі і электронны кантроль і г.д. - яны ніяк не змогуць паўплываць на ход расследавання ці на сведак, калі менавіта гэта выклікае асцярогі. Але гэта можа выратаваць жыццё Мікалая Аўтуховіча. Гэта ганьба - другі раз па надуманай падставе трымаць у турме такога чалавека як Мікалай Аўтуховіч».

Нагадаем што лідэры прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. Праваабаронцы лічаць арыштаваных палітвязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай грамадскасцю вязнямі сумлення. Мікалай Аўтуховіч трымае бестэрміновую галадоўку пратэсту з 16 красавіка. Ён патрабуе перадачы яго справы ў суд ці вызвалення пад падпіску аб невыяздзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках