14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваякі сустрэліся з палітвязнем Юрыем Лявонавым

У першы раз за тры месяцы сваякам дазволілі спатканне з арыштаваным ваўкавыскім прадпрымальнікам.

На спатканне ў СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама прыйшлі жонка і дачка Юрыя Лявонава. Гэта было першае спатканне, якое дазволіў следчы з 8 лютага. Спатканне доўжылася 50 хвілінаў, перадае «Радыё Свабода».

«Мне было цяжка глядзець на бацьку, калі яго заводзілі ў пакой для спатканняў, я нават заплюшчыла вочы», -- паведаміла дачка палітвязня Юлія Міхнюк.

Паводле яе словаў, Юры Лявонаў не адчувае праблемаў са здароўем і заяўляе, што з яго ўдзелам даўно не вялося ніякіх следчых дзеянняў.

«Бацька ведае пра акцыі салідарнасці і ўдзячны ўсім, хто яго падтрымлівае. Ён ведае і пра галадоўку Аўтуховіча, захапляецца яго мужнасцю».

Як заяўляе Юлія Міхнюк, Юры Лявонаў не прызнае сваёй віны ў якіх-небудзь злачынствах і кажа, што не зменіць сваёй пазіцыі.

Нагадаем, прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага гэтага года і змешчаныя ў менскае СІЗА №1.

16 красавіка, паколькі справа практычна не вядзецца, Аўтуховіч абвесціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы больш хуткага разгляду справы ў судзе альбо змянення меры стрымання. Стан здароўя Аўтуховіча пагаршаецца з кожным днём, у яго сур'ёзныя праблемы з печанню. Нягледзячы на гэта, прадпрымальнік не збіраецца спыняць галадоўку.

4 траўня беларускія грамадскія і палітычныя дзеячы пачалі галадоўку салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам. Зараз галадоўка праходзіць эстафетна.

Тэрміны расследавання справы і ўтрымання пад вартай ваўкавыскім прадпрымальнікам падоўжаныя да 3 чэрвеня.

Праваабаронцы лічаць прадпрымальнікаў вязнямі сумлення і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення. Варта адзначыць, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо адбывалі пакаранне і былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю палітвязнямі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках