15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч і Вацлаў Гавал сустрэліся ва Вроцлаве

2

У Польшчы адбылося ўручэнне прэміі імя Яна Новака-Езеранскага за асаблівы ўнёсак у будаўніцтва дэмакратыі і абарону правоў чалавека.

Гэтая ўзнагарода была заснаваная 4 чэрвеня 2004 года вядомым грамадскім дзеячам, былым дырэктарам польскай службы «Радыё Свабода» Янам Новакам-Езеранскім, прэзідэнтам Вроцлава і Калегіяў Усходняй Еўропы. Традыцыйна ўзнагарода ўручаецца 4 чэрвеня ва ўгодкі першых дэмакратычных выбараў у Сойм у 1989 годзе, паведамляе прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Прэміяй імя Яна Новака-Езеранскага ганаруюцца людзі ці ўстановы, якія зрабілі істотны ўнёсак у будаўніцтва дэмакратыі і абарону правоў чалавека. Першым яе лаўрэатам у 2004 годзе стаў першы прэм'ер-міністр пасля ІІ Сусветнай вайны некамуністычнага ўрада Польшчы Тадэвуш Мазавецкі. У 2005 годзе прэмію атрымаў былы прэзідэнт ЗША Джордж Буш. У 2006 годзе ёй быў уганараваны экс-спікер беларускага парламента Станіслаў Шушкевіч. У 2007 годзе прэмію атрымаў расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў, а ў 2008-м - французскі кардынал Жан-Мары Люсцігер.

Сёлета Станіслаў Шушкевіч уручыў прэмію экс-прэзідэнту Чэхіі Вацлаву Гавалу.

Як паведаміў Станіслаў Шушкевіч, «сёлета ўручэнне прэміі імя Яна Новака-Езеранскага праходзіла ў месцы, якое называецца Asalineum. Гэта старая сядзіба польскіх магнатаў. Цяпер яна з'яўляецца часткай Вроцлаўскага ўніверсітэта - вельмі цікавае месца і багатае гісторыяй. Сярод рукапісаў шматлікіх паэтаў і пісьменнікаў там таксама знаходзяцца рукапісы Адама Міцкевіча».

Таксама ён адзначыў:

– Падчас уручэння мы шмат размаўлялі са спадаром Гавалам - пра сітуацыю ў Беларусі, Польшчы, Чэхіі. Пра сітуацыю ў свеце і вакол нашых краінаў. Вацлаў Гавал - вельмі інтэлігентны і разумны чалавек. Прыемна было і тое, што таксама на ўзнагароджанні прысутнічаў Адам Міхнік - шматгадовы дысідэнт, а зараз - галоўны рэдактар самай буйной польскай «Газеты Выборчай».

Наколькі Вацлаў Гавал цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі?

– Спадар Гавал шмат займаецца пытаннямі дэмакратыі і правоў чалавека ў розных краінах. Цікавіцца ён і беларускай сітуацыяй, добра яе ведае, сустракаецца з беларускімі апазіцыянерамі і грамадскімі дзеячамі. Падчас нашай сустрэчы ён казаў, што адчувае асаблівую адказнасць за прасоўванне каштоўнасцяў дэмакратыі і правоў чалавека ў свеце.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках