8 лiстапада 2024, Пятніца, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МАЗ застаўлены грузавікамі, «Атлант» працуе на склад

26

Не гледзячы на тое, што беларускія тавары за мяжой усё менш запатрабаваныя, заводы працягваюць штампаваць прадукцыю.

Рабочыя трактарнага заводу гавораць пра паступовы пераход асобных цэхаў на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Самазвалы МАЗ запоўнілі ўсю навакольную тэрыторыю, а гандлёвыя кантракты прыраўнаныя да службовай таямніцы. Менскі «Атлант» амаль цалкам пераарыентаваўся на затаварваньне складоў, а «Гарызонт» абвяшчае грандыёзныя зьніжкі, якія не ратуюць агульную сытуацыю, перадае «Радыё Свабода».

Агульная праблема ўсіх прамысловых прадпрыемстваў Беларусі — згортваньне экспартных паставак. Паводле апошніх дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, гандлёвы балянс Рэспублікі Беларусь за студзень-красавік 2009 году зьменшыўся напалову. Так, аб’ём зьнешняга гандлю ў частцы экспарту склаў толькі 51% да ўзроўню таго ж пэрыяду мінулага году. Як кажа эканаміст Леанід Злотнікаў, пры тым, што беларускія тавары за мяжой усё менш запатрабаваныя, заводы працягваюць штампаваць прадукцыю, якая з канвэера накіроўваецца наўпрост на склад:

«У лёгкай прамысловасьці, у вытворчасьці тых жа пральных машынаў, пыласосаў такая тэндэнцыя назіралася і раней — вельмі вялікая доля асядала на складзе. Але куды больш значна для нас тое, што адбываецца з прадукцыяй машынабудаваньня — кардынальна павялічаныя лічбы менавіта па гэтай галіне. Тут яны канкуруюць хіба з ростам у галіне вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў. Але, зрэшты, гэта тое, што і чакалася».

Паводле не пацьверджаных афіцыйна дадзеных, на чатырохдзённы працоўны тыдзень пераходзіць бальшыня цэхаў Менскага трактарнага заводу. На мяжы крытычнай сытуацыя на Менскім аўтазаводзе. Грузавыя аўтамабілі МАЗ запоўнілі практычна ўсе пад’езды да прадпрыемства — па некаторых зьвестках, пакупнікоў чакаюць больш за 8 тысяч новых аўто. На заводзе катэгарычна адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю з рэалізацыяй прадукцыі. Як гаворыць адзін з аўтазаводцаў, які нядаўна звольніўся з прадпрыемства, цяпер усе кантракты маюць статус «унутранай таямніцы»:

«Там цяпер сытуацыя вельмі жорсткая. Таму што адразу займаецца служба бясьпекі — хто, каму і што расказаў. Але, ведаеце, усё досыць умоўна: расейскі КамАЗ, прыкладам, спыніўся ўвогуле, а МАЗ усё ж пакуль працуе, камусьці машыны прадаюцца. Аднак усе гэтыя кантракты — выключна камэрцыйная таямніца. Тым больш што вельмі ўскладнілі сытуацыю цяжкасьці ў гандлі з Расеяй, а гэта ж быў асноўны рынак збыту прадукцыі».

Як і МАЗ, менскі завод «Атлант» працуе перадусім на склад. Рабочы канвэера спадар Міхаіл кажа, што асноўная прадукцыя — лядоўні і маразільнікі — пераважна акумулюецца ў складзкіх памяшканьнях. Практычна няма попыту на пыласосы і пральныя машыны, якія коштамі перавышаюць нават некаторыя замежныя аналягі:

«Пакуль працуем. Была, праўда, невялікая «аптымізацыя штату», некаторыя другарадныя службы скарацілі, але намінальна працуем. Штосьці адгружаецца на Расею, але, канечне, ня ў тых колькасьцях, як раней. Зусім ня тыя аб’ёмы. Пакуль амаль усё на склад ідзе. Ну, не зусім усё, але пераважна адгружаем прадукцыю на склад».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках