29 снежня 2024, Нядзеля, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

15 год дыктатуры Лукашэнкі (Фота)

50
15 год дыктатуры Лукашэнкі (Фота)

Сёння спаўняецца 15 год са дня прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. З тых часоў ён правёў некалькі незаконных рэферэндумаў і ўзурпаваў уладу.

Ужо праз год пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады, у 1995 годзе ў будынку парламента па ягоным загадзе былі збітыя супрацоўнікамі спецслужбаў дэпутаты Вярхоўнага Савета 12 склікання ад фракцыі Беларускага Народнага Фронту. Парламентарыі абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць правядзення рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі і ўвядзення расейскай мовы як афіцыйнай.

У лістападзе 1996 года быў разагнаны адзіны законны заканадаўчы орган сучаснай Беларусі – Вярхоўны Савет 13-га склікання. Паўнамоцтвы дэпутатаў, якія былі абраныя народам на 5 год, былі спыненыя Лукашэнкам. З тых часоў у краіне дзейнічае дэкаратыўны орган – «палата прадстаўнікоў», першымі ўдзельнікамі якога сталі былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, якія напісалі заявы на імя Лукашэнкі з просьбай зрабіць іх «парламентарыямі».

Тады жа з пасады старшыні Цэнтравыбаркаму быў зняты апанент рэжыму Віктар Ганчар. У 1999 годзе Ганчар быў выкрадзены і забіты. У краіне бясследна зніклі таксама іншыя лідэры апазіцыі -- экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, журналіст Зміцер Завадскі. У дачыненні да іх выкрадання міжнародная супольнасць падазрае беларускія ўлады.

З 1996 года ўсе выбарчыя кампаніі ў Беларусі былі прызнаныя міжнароднымі структурамі несвабоднымі і недэмакратычнымі. За фальсіфікацыю вынікаў «выбараў» старшыні беларускага Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.

За гады кіравання Лукашэнкі ў Беларусі былі знішчаныя незалежныя СМІ: тут няма ні аднаго незалежнага тэлеканала, усе радыёстанцыі ў даступным FM-дыяпазоне падпарадкаваныя ўладам, практычна ўсе недзяржаўныя газеты альбо закрытыя, альбо з цяжкасцямі даходзяць да чытача.

Усе мірныя акцыі пратэсту апазіцыі ў краіне жорстка душацца сілавымі структурамі.

Міліцэйскі бронетранспарцёр у цэнтры Менска перад акцыяй апазіцыі (25 сакавіка 2000 года, Менск)

Баец спецпадраздзялення вядзе агонь з карабіна па ўдзельніках мірнай дэманстрацыі. Хутчэй за ўсё, гэта карабін С-23 "Селезень", прызначаны для страляніны гумовымі кулямі і газавымі гранатамі. (25 сакавіка 2006 года, Менск)

Байцы спецпадраздзяленняў збіваюць жанчынаў, якія спрабуюць абараніць параненага ўдзельніка мірнай дэманстрацыі пратэсту (25 сакавіка 2006 года, Менск)

За гэтыя 15 года у краіне з'явіліся сотні палітвязняў, дзясяткі тысяч чалавек былі рэпрэсаваныя па палітычных матывах.

«За 15 год Лукашэнка ўдасканаліўся ў сваім імкненні захоўваць уладу. Ён набыў неабмежаваныя паўнамоцтвы, сабраў магутныя сілавыя структуры, яго баіцца наменклатура», -- заявіў былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

«Спачатку мы дабратліва ставіліся да праявы рэжыму Лукашэнкі на ранняй стадыі – ягонага імкнення ўсталяваць асабістую ўладу, дыктатарскіх замашак, выбудоўвання з першых дзён таталітарнай сістэмы. Гэта значыць давалі нейкі аванс абранаму прэзідэнту, усё ж такі ў 1994 годзе прайшлі першыя ў гісторыі Беларусі дэмакратычныя выбары. Але потым гэтая сістэма стала эфектыўна працаваць супраць народа.

Пачалося бязлітаснае перамолванне апазіцыі. Узгадаем знікненні Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, загадкавую смерць Генадзя Карпенкі. Пасля Лукашэнка стаў нечакана атрымліваць падтрымку Захаду. Бо не сёння пачалася «новая палітыка» еўрапейцаў. Еўрапейцы заўсёды спрабавалі наладжваць адносіны менавіта з рэжымам Лукашэнкі (не ўвесь Еўразвяз, а асобныя краіны). Падкормліваць дыктатара крэдытамі, развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны, падтрымліваць транзітную ролю Беларусі. Ён досыць эфектыўна выкарыстоўваў міжнародную кан'юнктуру, якая склалася вакол Беларусі, і, безумоўна, «даіў» Расею.

Але зараз гэтая сістэма зжыла сябе. Крызіс, які сёння ідзе па нарастальнай і агаляе ўсе недахопы палітычнай сістэмы ў Беларусі, прымусіць людзей дзейнічаць больш рашуча. Калі пойдуць звальненні, скарачэнні заробкаў, пенсій, яны не будуць пакорліва чакаць, калі стане яшчэ горш. Гэта непазбежна прывядзе да ціску на сённяшнюю палітычную сістэму», -- лічыць лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках