15 лiстапада 2024, Пятніца, 6:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія калійшчыкі губляюць найбуйныя рынкі з-за Расеі

47

Зыход перамоваў БКК з Індыяй па пастаўках калійных угнаенняў можа быць не ў карысць беларускага боку.

Па інфармацыі расейскіх СМІ, адбыцца гэта можа з-за ўмяшання ЗАТ «Міжнародная калійная кампанія» — трэйдара найбуйнога ў Расеі вытворцы калія «Сільвініту». МКК склала кантракт на пастаўку ў Індыю хлорыстага калія па 460 даляраў за тону, паведамляюць «Белорусские новости».

Закладзены ў кантракце кошт апынуўся на 26% ніжэй за той, на які разлічвалі асноўныя гульцы рынка. Як адзначаюць аналітыкі кампаніі «Тройка дыялог», падчас конкурсу, абвешчанага Індыяй у канцы чэрвеня, большасць вытворцаў хлорыстага калія падалі заяўкі на пастаўку ўгнаенняў па 625-635 даляраў за тону - на ўзроўні мінулага года. Аднак цяпер не выключана, што ім прыйдзецца пераглядаць свае планы. Індыйскі бок, верагодней за ўсё, будзе дамагацца і ад іншых пастаўшчыкоў паніжэння кошту да 460 даляраў за тону.

Нягледзячы на тое, што з боку ААТ «Сільвініт» пакуль не было афіцыйных заяваў аб заключэнні невыгоднага для большасці іншых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў кантракту, у Беларускай калійнай кампаніі не выключаюць карэктоўкі сваіх планаў.

«Мы здзіўленыя навінай аб заключэнні кантракту на пастаўку калія паміж МКК і IPL па кошце 460 даляраў за тону. Мы не чакалі такога істотнага паніжэння кошту. Без сумневу, новыя ўмовы запатрабуюць карэктоўкі нашых планаў. Лічу, што хуткім часам мы зможам паведаміць аб тым, як умовы кантракту, заключанага паміж МКК і IPL, паўплывалі на нашыя перамовы з індыйскімі партнёрамі», - пракаментаваў інфармацыю першы намеснік генеральнага дырэктара БКК Алег Пятроў.

Незапланаванае паніжэнне кошту тоны калійных угнаенняў для індыйскіх спажыўцоў адразу на 26% можа сарваць планы ўрада па паступленні ў бягучым годзе ад БКК у бюджэт 150-200 млн. даляраў, аб якіх нядаўна заявіў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

Сёлета Беларусь ужо была вымушаная пайсці на паніжэнне коштаў, якое кранула бразільскі рынак. Кошт тоны хлорыстага калія на сакавік-май для буйных імпарцёраў быў паніжаны з 1000 да 750 даляраў, для невялікіх імпарцёраў - з 1010 да 765 даляраў за тону. Змена кошту на грануляваны хлорысты калій для рынка Бразіліі, як заявіў гендырэктара БКК Уладзімір Нікалаенка, была выкліканая неабходнасцю дасягнення балансу попыту і прапановы. І ў БКК разлічвалі, што для прасоўвання калійных угнаенняў на іншых рынках падобных мер прымаць не прыйдзецца.

Тым больш супраць гэтага рэзка выказаўся і Лукашэнка. «Ніхто калійныя ўгнаенні бясплатна аддаваць не будзе», - заявіў ён 8 мая ў Салігорску на адкрыцці Краснаслабодскага рудніка на ПА «Беларуськалій».

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што «ні мы, ніхто ў свеце, ні адна кампанія на гэта не ідзе». «Попыт не ўпаў. За мяжой занялі чакальную пазіцыю, думаюць, павязем угнаенні ў страту. Не павязем», - адзначыў Лукашэнка.

Тым не менш сітуацыя на рынку пакуль развіваецца не на карысць Беларусі. Прымальных для сябе коштаў дамагаецца адзін з найбуйных імпарцёраў калійных угнаенняў - Кітай. Па апошніх дадзеных, Кітай ужо назапасіў на складах 3,5 млн. т хлорыстага калія - 30% ад гадавога спажывання. І гэта збольшага ўскладняе перагаворны працэс з Кітаем і перашкаджае планам беларускага боку дамагчыся ўсталявання кошту як мінімум на ўзроўні мінулага года.

Падобна, і ў перамовах з іншым найбуйным імпарцёрам - Індыяй, прыйдзецца шукаць новыя кампрамісы. Аналітыкі «Тройкі дыялог» лічаць, што ў БКК ёсць два варыянты.

Першы - не змякчаць пазіцыю і настойваць на больш высокім коштце, зыходзячы з таго, што ў адзіночку «Сільвініт» усё роўна не зможа ў поўнай меры задаволіць запатрабаванні велізарнага індыйскага рынка. Аднак такая стратэгія, адзначаюць эксперты, даволі рызыкоўная. Справа ў тым, што высокая верагоднасць заключэння кантракту паміж Індыяй і нямецкім пастаўшчыком K+S, а ўдваіх расейскі і еўрапейскі пастаўшчыкі (з улікам іх складскіх запасаў) цалкам здольныя насыціць індыйскі рынак на бліжэйшыя некалькі месяцаў.

Больш пераважным для экспертаў бачыцца другі варыянт - паніжэнне спотавага кошту да 500-550 даляраў за тону і спробы стабілізаваць яе каля гэтых узроўняў, даўшы пры гэтым згоду на пастаўку хлорыстага калія ў Індыю па кошце 460 даляраў за тону або крыху вышэй.

Як бы тое ні было, калі беларускі бок зацікаўлены ў павелічэнні экспарту калійных угнаенняў, ёй прыйдзецца неяк дамаўляцца. Бо толькі за 4 месяцы бягучага года экспарт калійных ўгнаенняў упаў ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 76,6% і склаў усяго 312,8 тысячы тон.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках