14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкага «эксперта» запрасіў у Менск кіраўнік Офіса АБСЕ (Абноўлена)

15

Ініцыятарам прыезду ў Менск нямецкага эксперта Марціна Фінке, які зрабіў заключэнне па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, з'яўляецца Ханс-Ёхен Шміт.

Пра гэта аглядальнік Раман Якаўлеўскі паведаміў радыё «Рацыя».

«Спадар Шміт знайшоў гэтага эксперта. Пакуль, праўда, не зусім зразумела, ці яго гэта асабістая ініцыятыва, альбо гэта было зроблена па ўказцы Уладзіміра Макея. Але тое, што ініцыятарам гэтага дзіўнага прыезду быў Шміт, - гэта дакладна. Рабілася гэта таемна. Але цікава: чый чыноўнік Шміт? Адміністрацыі беларускага кіраўніка ці Офіса АБСЕ?», - задаецца пытаннем аглядальнік.

Сам Марцін Фінке ў інтэрв'ю БелаПАН пацвердзіў, што рабіў заключэнне па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава на запрашэнне АБСЕ, якая атрымала адпаведны запыт ад беларускага ўрада.

Ён заявіў, што неабходнасць у экспертным заключэнні «ніяк не тлумачылася», і, паколькі справа закрытая, ён не можа казаць аб сваёй працы. «Я пагадзіўся зрабіць заключэнне і абавязаўся не распаўсюджвацца аб справе, паколькі гэта супярэчыла парадку судаводства, у прыватнасці, з пункту гледжання абароны», — паказаў Фінке.

Па словах эксперта, ён даў заключэнне, «абапіраючыся на меркаванне датычных службовых асобаў, якое было імі выкладзенае, і матэрыялы справы». Фінке адзначыў, што не чытаў усе дакументы, паколькі справа займае «дзясяткі тысячаў старонак». «Але ўсё, што я хацеў убачыць, я бачыў», — падкрэсліў спецыяліст.

Ён абверг папрокі ў недастатковай непрадузятасць. Па словах Марціна Фінке, з ім «беларускі ўрад зусім не знаёмы, а АБСЕ ведае па праектах у самых розных краінах».

Кіраўнік офіса АБСЕ у Менску Ханс-Ёхен Шміт пракаментаваць сітуацыю адмовіўся. Каментара ў МУС Беларусі атрымаць пакуль не атрымалася.

8-10 чэрвеня ў Менск прыязджаў прафесар з універсітэта Пасау (Нямеччына). Гэты эксперт прыязджаў інкогніта і зрабіў заключэнне, што ў справе палітвязня Мікалая Аўтуховіча ніякіх парушэнняў няма - усё законна. Заключэнне было адасланае ў амбасады еўрапейскіх краінаў, акрэдытаваныя ў Менску.

Трэба адзначыць, што ў Менску дзейнасць Офіса АБСЕ ужо даўно ацэньваюць неадназначна. Беларускія дэмакратычныя палітыкі ўпэўненыя, што цяперашняга мандата Офіса АБСЕ зусім недастаткова для яго эфектыўнай працы ў Беларусі.

Да 2003 года функцыі прадстаўніцтва АБСЕ у Менску выконвала Кансультатыўна-назіральная група. Мандат Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ, якая дзейнічала ў Менску з 1998 года, прадугледжваў садзейнічанне дэмакратычным інстытутам Беларусі. З 2003 года функцыі прадстаўніцтва ў Беларусі выконвае Офіс АБСЕ.

У адрозненне ад КНГ мандат Офіса АБСЕ на патрабаванне беларускіх уладаў быў сфармуляваны прынцыпова інакш. На патрабаванне афіцыйнага Менска Офіс АБСЕ абавязалі «дапамагаць беларускаму ўраду» у далейшым замацаванні вяршэнства закона, у развіцці эканомікі і аховы навакольнага асяроддзя. Змена ў мандаце Офіса АБСЕ адбілася на яго дзейнасці.

У 2008 годзе, да прыкладу, беларускі Офіс АБСЕ выступаў арганізатарам выставы беларускіх мастакоў, літаратурна-паэтычнай вечарыны, прымаў удзел у арганізацыі семінара па энергаэфектыўнасці, семінара па падвышэнні прафесіяналізму супрацоўнікаў беларускай міліцыі. Палітычнымі пытаннямі Офіс АБСЕ таксама займаўся, але актыўнасць у гэтым накірунку была прыкметна ніжэйшай.

Былы палітвязень і экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін перакананы, што прадстаўніцтва АБСЕ у Беларусі павінна быць, аднак цяперашнюю працу дыпмісіі палітык ацэньвае нездавальняюча. «Безумоўна, прадстаўніцтва АБСЕ у Беларусі павінна быць. Аднак місія павінна супрацоўнічаць не толькі з дзяржструктурамі, але і з недзяржаўным сектарам - прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, партыямі. Сёння мы бачым, што апошняга не адбываецца», - канстатаваў Казулін у інтэрв'ю «БДГ».

Ён нагадаў, што цяперашні кіраўнік Офіса АБСЕ у Беларусі адмовіўся супрацоўнічаць з палітычнымі партыямі па пытанні змены выбарчага заканадаўства. «Сп-р Шміт заявіў, што гатовы прымаць прапановы па гэтым пытанні толькі ад прадстаўнікоў урада. Але так нельга – у выбарах прымаюць удзел палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі. Як без іх можна распрацоўваць выбарчае заканадаўства?!» - здзіўляецца Аляксандр Казулін.

На думку палітыка, беларускі Офіс АБСЕ засяродзіў сваю ўвагу на рашэнні непалітычных пытанняў. «Сп-р Шміт актыўна займаецца пытаннямі ў культурнай сферы. Магчыма, у гэтай сферы дзесьці ў чымсьці ў яго атрымліваецца дамагчыся поспехаў. У палітычнай сферы мы поспехаў не бачым», - падкрэсліў Казулін.

Першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін таксама незадаволены працай Офіса АБСЕ. «Офіс АБСЕ павінен працаваць з грамадзянскай супольнасцю, з палітычнымі партыямі. Аднак сёння беларускі Офіс гэтым не займаецца. Офіс працуе ў асноўным толькі з урадам», - кажа Сяргей Калякін.

Па словах кіраўніка Партыі камуністаў Беларускай, у Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ, якая працавала ў Менску да 2002 года, было значна больш паўнамоцтваў, чым у цяперашняга Офіса АБСЕ. «Паўнамоцтвы Офіса АБСЕ у Беларусі вельмі моцна ўрэзаныя, цяперашнія паўнамоцтвы не адпавядаюць статусу, якім валодае місія. У тым выглядзе, у якім ён дзейнічае зараз, існаванне Офіса АБСЕ можа і непатрэбна», - рэзюмаваў партыйны лідэр у гутарцы з карэспандэнтам «БДГ».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках