28 снежня 2024, Субота, 5:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Handelsblatt»: У Беларусі сканчаюцца грошы

21

Пры гэтым дыктатар Лукашэнка не хоча праводзіць дэмакратычныя рэформы, як настойвае Еўропа.

Як піша нямецкае выданне «Handelsblatt» , фінансавы крызіс прымушае Аляксандра Лукашэнку зрабіць складаны палітычны шпагат. З аднаго боку, аўтарытарны кіраўнік заклапочаны тым, каб яшчэ больш не ахаладзіць і без таго напружаныя адносіны з былой «братэрскай» Расеяй і не паставіць пад сумнеў даванне фінансавай дапамогі з Масквы.

З іншага боку, Лукашэнка не можа залішне зблізіцца з Еўрапейскім Звязам, за чым крытычна назірае Крэмль. Таму ў дадзены момант толькі Міжнародны валютны фонд (МВФ) застаецца надзейным крэдыторам.

Беларуская прамысловасць, якая жыве, акрамя транзіту нафты і газу, перш за ўсё за кошт экспарту харчавання і абсталявання ў Расею, цяжка пацярпела ад эканамічнага крызісу. Калі летась рост унутранага валавога прадукта (ВУП) склаў дзесяць адсоткаў, дык сёлета рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's прадказвае падзенне гэтага паказчыку прыблізна на пяць адсоткаў.

Каб дапамагчы сваёй збяднелай братэрскай дзяржаве, Масква ўжо летась ухваліла даванне надзвычайнага крэдыту. Аднак расейскі міністр фінансаў Аляксей Кудрын не хоча выплачваць другую частку крэдытнага транша ў памеры 500 млрд. даляраў (гаворка ідзе, вядома жа, пра суму ў 500 мільёнаў даляраў - заўв. перакладчыка). Ён тлумачыць гэта нізкім узроўнем золатавалютных запасаў краіны і ставіць такім чынам пад сумнеў плацежаздольнасць пазычальніка. Да гэтага варта дадаць яшчэ і палітычны ледніковы перыяд, характэрны ў апошні час для адносінаў паміж гэтымі суседнімі дзяржавамі. Урад у Менску незадаволены ў першую чаргу тым, што расейскі дзяржаўны канцэрн «Газпрам» падвысіў сяброўскія кошты на прыродны газ, што з'яўляецца цяжкім бярэмем для прамысловасці, асабліва падчас крызісу. У адказ на гэта Менск перакрыў на гэтым тыдні трубаправод, па якім расейская нафта пастаўляецца ў Латвію, і абгрунтаваў гэта шкодай, якая пагражае навакольнаму асяроддзю. Акрамя таго, Расея ўвяла часовае абмежаванне на ўвоз беларускага малака і мясных прадуктаў, усумніўшыся ў іх якасці.

У Маскве, акрамя таго, з падазрэннем сочаць за тым, як увесь час павялічваецца беларускі доўг за газ - гэтак жа, як гэта адбываецца і на Украіне. Акрамя гэтага, крамлёўскія кіраўнікі не забыліся пра тое, што Менск не ўзяў з Расеі прыкладу і не прызнаў міжнародна-прававы статус мяцежных грузінскіх правінцыяў Паўднёвая Асеція і Абхазія. Не ў апошнюю чаргу можна казаць і пра тое, што Масква з падазрэннем назірае за тым, як Беларусь спрабуе зблізіцца з Еўрапейскім Звязам, пры гэтым Менск адначасова вядзе перамовы з Расеяй і Казахстанам пра стварэнне мытнага саюза.

Менавіта таму беларусы і звярнуліся з настойлівай просьбай аб даванні фінансавай дапамогі таксама і да ЕЗ. Аднак Брусэль пакуль дэманстратыўна адмаўляцца даць гэтую дапамогу, бо Лукашэнка, які доўгі час лічыўся «апошнім дыктатарам у Еўропе», недастаткова прасоваецца, з пункту гледжання Еўракамісіі, па шляху правядзення дэмакратычных рэформаў і адкрытасці рынка.

Так што пакуль надзея толькі на МВФ, які нядаўна павялічыў свой рэзервовы крэдыт на адзін млрд. даляраў і давёў агульную яго суму да 3,5 млрд. Аднак гэта дасць у лепшым выпадку магчымасць толькі стабілізаваць беларускую валюту, тады як гэтым грашовым дабраславеннем з Вашынгтона Менск не можа пагасіць свае даўгі за газ. Калі Расея ў хуткім часе не дасць другую частку транша гэтага крэдыту, дык, як папярэдзіла нядаўна кіраўнік прадстаўніцтва МВФ у Менску Наталля Калядзіна, Беларусь непазбежна сутыкнецца з больш сур'ёзнымі праблемамі.

Лукашэнка не ў захапленні ад свайго шпагата паміж Расеяй і ЕЗ, пры гэтым кожны з бакоў патрабуе ад яго саступак. Справа ў тым, што аўтарытарны кіраўнік не хоча ў цяперашні час вырашыцца на пашырэнне дэмакратыі, але ён таксама не хоча і вяртацца ва ўлонне Расеі. Вельмі магчыма, што, перакрыўшы на гэтым тыдні трубаправод, ён хацеў такім чынам разыграць сваю апошнюю казырную карту. І сапраўды - вялікая частка паставак расейскай нафты праходзіць праз беларускую тэрыторыю. Пра тое, што Лукашэнку цяжка, сведчыць фраза, якая сарвалася ў яго падчас нядаўняга візіту камісара ЕЗ па знешняй палітыцы Беніты Ферэра-Вальднер (Benita Ferrero-Waldner). Яго краіна, сказаў ён, размешчаная «паміж двума монстрамі».

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках