15 лiстапада 2024, Пятніца, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэмабілізаваны чарговы палітсалдат Віталь Каратыш (Відэа)

3

Актывіст Партыі БНФ Віталь Каратыш скончыў службу ў ракетных вайсках.

Віталь Каратыш летась быў кандыдатам на «парламенцкіх выбарах» ад дэмакратычных сілаў па Лунінецкай выбарчай акрузе № 12. Аднак за некалькі дзён да выбараў, 25 ліпеня 2008 года, яго забралі служыць у ваенную частку пад Асіповічамі.

Як прайшлі салдацкія будні, а таксама пра свае планы на будучыню Віталь Каратыш распавёў у інтэрв'ю газеце «Наша Ніва».

- З якімі пачуццямі ты ішоў у армію?

- Было страшна. Не ведаў, чаго чакаць ад мясцовых уладаў, што будзе далей. Забіралі мяне ў дзень рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы. Патэлефанавалі з ваенкамата і папрасілі прыйсці. Я думаў, гэта звычайныя фармальнасці. А мяне экстрана правялі па кабінетах і ўручылі позву. На наступны дзень я быў ужо ў «ботах».

- Калі ехаў у частку, як ты сабе ўяўляў армію?

- Калі ехаў, больш хваляваўся, як будзе працягвацца мая выбарчая кампанія. «Вісеў» увесь час на тэлефоне, каардынаваў збор подпісаў. Я не губляў надзеі, што змагу вырвацца на выбары. Чым бліжэй пад’яжджаў да часткі, тым больш станавілася страшна. Я думаў, калі мяне забіраюць гвалтоўна, не выключана, што мяне чакае вельмі суровая служба.

- Як цябе сустрэлі салдаты?

- Нармальна. Салдаты ў бальшыні сваёй не разумелі сітуацыю. Усе ведалі, што нейкая надзвычайная гісторыя з гэтым прызыўніком: цікавіліся, некаторыя спачувалі. А вось афіцэры і прапаршчыкі, хто быў у курсе справы, ставіліся насцярожана. Яны ж ніколі раней не бачылі апазіцыянера. Было цікава: якія ў мяне погляды, чым займаюся, як насамрэч выглядаюць апазіцыянеры, пра якіх кажуць па тэлебачанні.

- Як у цябе атрымалася сумясціць «выбарчую кампанію» і службу ў арміі?

- Пакуль я служыў першы месяц, мая ініцыятыўная група сабрала подпісы і мне заставалася толькі зарэгістравацца кандыдатам ў «дэпутаты». Гэта было неабходна зрабіць непасрэдна мне у акружной камісіі Лунінца. Але згодна з армейскім статутам мяне мелі права не адпусціць. Толькі дзякуючы інфармацыйнай хвалі, якую ўзнялі СМІ, пра «салдата-кандыдата ў дэпутаты», мне далі магчымасць з’ездзіць і зарэгістравацца.

- Як цябе праводзілі на «выбары» саслужыўцы?

- Мяне праводзілі, жадалі поспехаў і перамогі. Дзяліліся, што хацелі б змяніць у нашым заканадаўстве. А калі вяртаўся назад, я не ведаў яшчэ вынікаў. Таксама ня ведаў пра парушэнні выбарчага кодексу. Саслужыўцы цікавіліся, як усё прайшло. Цікавіліся сістэмай, як стаць «дэпутатам», запытвалі, ці буду я далей прарывацца ва ўладу, прапаноўвалі дапамогу ў наступных выбарах — усім было цікава са мной паразмаўляць.

- Якія самыя цікавыя міфы пра апазіцыю ты чуў ад салдатаў?

- Ад іх такіх міфаў не гучала. Яны збольшага слаба ўяўлялі, што такое апазіцыя. А вось з боку афіцэраў і прапаршчыкаў чуў крыўдныя стэрыатыпы, якія склаліся пра апазіцыю. Але я, спадзяюся, здолеў давесці, што ў апазіцыі хапае разумных людзей, здольных удзельнічаць у кіраванні дзяржавай.

- Ці прапаноўваў ты салдатам далучыцца да тваёй палітычнай дзейнасці?

- Агітацыі не праводзіў. Я проста паказваў усім сваю пазіцыю, з якой там усе былі згодныя. Пазіцыя нашай апазіцыі даволі зразумелая, проста выказваюць яе чамусьці на незразумелай людзям мове.

Мне даводзілася быць нібыта перакладчыкам з мовы незразумелых палітычных і эканамічных лозунгаў на чалавечую мову. А калі я распавядаў простымі словамі, чаго хоча апазіцыя, большасць з усім гэтым была згодная.

- Служба скончылася. Што ты збіраешся рабіць далей?

- Збіраюся вучыцца ў магістратуры і рыхтавацца да наступнай выбарчай кампаніі (на мясцовых выбарах). Але перад гэтым усім вельмі хочацца пабачыць маці, паказацца аднавяскоўцам. Яны цікавіліся, як мне служыцца, праз матулю перадавалі ў армію сала, адна бабулька падаравала ў дарогу малітву. Адпачываць буду, канешне, недоўга, пару дзён, бо я яшчэ ў арміі пачаў рабіць планы. Хочацца як мага хутчэй пачаць грамадскае жыццё.

Нагадаем, што 23 ліпеня з арміі таксама «выйшаў» першы беларускі палітычны прызыўнік Зміцер Жалезнічэнка.

Гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» гвалтоўна забралі ў армію 25 студзеня 2008 года. 9 лютага ў частцы была прысяга, але Зміцер Жалезнічэнка адмовіўся яе прыняць.

Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас навучання быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сілаў абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў вну, але праз чатыры дні зноў быў адлічаны і адпраўлены ў армію.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках