29 снежня 2024, Нядзеля, 13:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз паставіў беларускаму рэжыму ўмову: дэмакратызацыя ці санкцыі

44
Еўразвяз паставіў беларускаму рэжыму ўмову: дэмакратызацыя ці санкцыі

У Брусэлі прайшлі перамовы міністра замежных справаў Сяргея Мартынава з кіраўніцтвам Еўразвяза. ЕЗ настойвае на пераканаўчых і незваротных дэмакратычных рэформах.

Кіраўнік беларускага МЗС сустрэўся з міністрам замежных справаў Швецыі, якая старшынюе ў ЕЗ, Карлам Більтам, вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўерам Саланам і еўракамісарам па пытаннях палітыкі добрасуседства і пашырэння Бенітай Ферэра-Вальднер.

«Патэнцыял адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам будзе цалкам раскрыты, калі ў краіне будуць зробленыя неабходныя пераканаўчыя і незваротныя рэформы, і мы ўбачым вялікі прагрэс ужо ў лістападзе», — заявіла еўракамісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднер 28 ліпеня ў Брусэлі пасля заканчэння сустрэчы кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава з «тройкай» ЕЗ.

Запіс прэс-канферэнцыі, размешчанай на сайце Рады Еўрапейскага саюза, прыводзіць БелаПАН.

Еўракамісар зазначыла, што ў сваіх адносінах ЕЗ і Беларусь «падышлі да скрыжавання і ў агульных інтэрасах надаць ім новы імпульс». Паводле яе словаў, у верасні Еўразвяз на розных узроўнях пачне вывучаць прагрэс Менска па дэмакратызацыі пяці ключавых галінаў, пытанне пра візавыя санкцыі будзе разгледжанае кіраўнікамі МЗС краінаў ЕЗ у лістападзе.

Еўразвяз «гатовы падтрымаць Беларусь, калі яна прадэманструе сур'ёзны рух у бок дэмакратыі і асноўных правоў і свабодаў», адзначыла камісар ЕЗ. Так, паводле яе словаў, Беларусь, якая зараз актыўна ўдзельнічае ў развіцці платформаў Усходняга партнёрства, зможа супрацоўнічаць з ЕЗ на двухбаковай аснове.

Ферэра-Вальднер падкрэсліла, што Брусэль ужо пайшоў насустрач краіне ў 2009 годзе, у два разы павялічыўшы дапамогу — з 5 да 10 млн. еўра. Зараз Еўракамісія разглядае магчымасць даць Беларусі мікраэканамічную дапамогу і магчымасць у будучыні атрымліваць крэдыты ў Еўрапейскім банку рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банку.

Еўракамісар заявіла, што ЕЗ можа шмат што прапанаваць Беларусі ў розных галінах, у прыватнасці ў сферы макраэканомікі, энергетыкі, гандлю, палягчэння візавага рэжыму.

Кіраўніку беларускага МЗС на прэс-канферэнцыі прыйшлося адказаць на пытанне пра магчымае прызнанне афіцыйным Менскам Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, перадае ИТАР-ТАСС.

«Сітуацыя вакол Паўднёвай Асеціі і Абхазіі - гэта складанае пытанне для ўсіх. Мы працягваем яго разглядаць», - сказаў Мартынаў.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Швецыі, якая старшынюе ў ЕЗ, Карл Більт паведаміў, што падчас сустрэчаў бакі адкрыта абмеркавалі беларускую палітычную сітуацыю, якая «не адказвае чаканням» ЕЗ. У прыватнасці, абмяркоўвалася становішча ў галіне правоў чалавека: «абмежаванне палітычных свабодаў, праблемы з рэгістрацыяй і працай у арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў, а таксама пытанне ўжывання ў Беларусі смяротнага пакарання», сказаў швецкі міністр.

Більт зазначыў, што бакі вывучалі магчымасці развіцця двухбаковых адносінаў і каардынацыі макраэканамічнай дапамогі для пераадолення наступстваў эканамічнага крызісу. Абмяркоўвалася таксама супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, у межах палітыкі «Усходняе партнёрства» і асобныя пытанні рэгіянальнага характару.

Па словах кіраўніка МЗС Швецыі, «беларускія ўлады могуць і ў прынцыпе павінны зрабіць больш для ўмацавання адносінаў з ЕЗ».

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках