15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі склалася пераддэфолтная сітуацыя

26

Фінансавыя аналітыкі засцерагаюць насельніцтва ад выкарыстання любых крэдытаў беларускіх банкаў.

Нацыянальны банк Беларусі з 28 ліпеня ўвёў забарону на крэдытаванне фізічных асобаў у замежнай валюце. У сувязі з гэтым з'явіліся паведамленні пра верагодныя праблемы грамадзянаў з банкаўскімі крэдытнымі карткамі. Эксперт Аляксандр Муха аналітычнага партала «Наша меркаванне» прааналізаваў наступствы рашэння Нацыянальнага банка для насельніцтва і банкаўскай сістэмы:

-- Рашэнне Нацбанка Беларусі аб прыпыненні да 1 студзеня 2011 г. выдачы фізасобам валютных крэдытаў мае як плюсы, так і мінусы для эканомікі і банкаўскай сістэмы краіны.

Сапраўды, на першы погляд, мэта Нацбанка выглядае цалкам высакародна – ахаваць насельніцтва ад адпаведных валютных рызыкаў, звязаных з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты.

Так, ужо праведзеная дэвальвацыя беларускага рубля (больш чым на 33%) прывяла да прыкметнага росту ўдзельнай вагі плацяжоў па крэдыце ў прыбытку пазычальнікаў, напрыклад, па жыллёвых крэдытах гэтая лічба дасягае 80-85% ад прыбыткаў фізасобаў. А гэта ўжо фактычна пераддэфолтная сітуацыя.

Больш за тое, частка насельніцтва ўжо зараз няздольная цалкам плаціць па крэдытах, што і прыводзіць да павелічэння праблемнай (пралангаванай і пратэрмінаванай) запазычанасці. І гэта пры тым, што насельніцтва, як правіла, імкнецца плаціць па крэдытах да апошняга (максімальна скарачаючы выдаткі па іншых артыкулах), перш чым пайсці ў банк з просьбай пра рэструктурызацыю крэдыту.

Паводле дадзеных Нацбанка, па стане на 1 ліпеня 2009 г. праблемныя крэдыты фізасобаў дасягнулі 54,3 млрд. руб., што ў 3,6 раза больш чым год таму. Аднак гэтыя лічбы прыведзеныя без уліку пратэрмінаваных адсоткаў і камісіяў (у асобных выпадках яны дасягаюць 1-2% у дзень ад рэшткі запазычанасці), з-за якіх агульная сума запазычанасці па крэдыце можа ўзрасці адразу ў некалькі разоў.

Прычым неабходна адзначыць, што па беларускіх стандартах у адрозненне ад справаздачнасці па МСФС пратэрмінаваным лічыцца не ўвесь крэдыт, які застаўся, а толькі плацёж, які быў затрыманы. Дадатковая праблема – банкі вымушана ідуць на пралангацыю і рэструктурызацыю праблемных пазыкаў, спадзяючыся вярнуць хоць нешта. Такія крэдыты, зразумела, таксама не ўлічваюцца сярод дрэнных даўгоў.

У хуткім часе яшчэ да 15-20% крэдытнага партфеля фізасобам у замежнай валюце запатрабуе рэструктурызацыі. Таму зараз больш лагічным крокам выглядае хутчэй падтрымка пазычальнікаў, якія ўжо ўзялі валютныя крэдыты (даванне часовых адтэрміновак па выплаце асноўнага доўгу, зніжэнне адсоткавых ставак па ўжо выдадзеных крэдытах, падатковыя ільготы і інш.). Іншымі словамі, не варта перакладаць аплату валютнай рызыкі толькі на плечы насельніцтва.

У цэлым, нават без уліку забароны Нацбанка, насельніцтва сёння перастала браць новыя крэдыты ў замежнай валюце, усведамляючы адпаведныя валютныя рызыкі. Так, у першым паўгоддзі 2009 г. запазычанасць па валютных крэдытах, выдадзеных банкамі фізічным асобам, скарацілася на 194,7 млн. дал. (ці на 13,2%) да 1,285 млрд. дол. на 1 ліпеня, у той час як рублёвыя крэдыты насельніцтву ўзраслі на 1,302 трлн. руб. (на 13,9%) да 10,634 трлн. руб.

Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу, што больш за палову (52,7%) валютных крэдытаў фізасобам выдадзена банкамі ў Менску, у той час як аналагічны паказчык па рублёвых крэдытах складае ўсяго 26,9%.

У якасці станоўнчага моманту рашэння Нацбанка можна вылучыць верагоднае зніжэнне попыту на замежную валюту і павелічэнне яе прапановы на ўнутраным валютным рынку, што дазволіць знізіць ціск на курс беларускага рубля і золатавалютныя рэзервы ў бок іх зніжэння.

Аднак гэта адбудзецца толькі ў выпадку, калі насельніцтва адмовіцца ад набыцця спажывецкага імпарту (тых жа аўтамабіляў) ці кошты на тавары будуць вызначацца ў рублях, а не ў далярах. Таму што цалкам магчымы варыянт, калі фізасобы будуць браць рублёвыя крэдыты, канвертаваць іх у валюту і набываць імпартныя тавары.

Хаця ў гэтым выпадку насельніцтва павінна ўсведамляць, што банкі ў адсоткавую стаўку па рублёвых крэдытах будуць закладваць і аплату чаканай валютнай рызыкі, што прывядзе да прыкметнага падаражэння рублёвых крэдытаў у параўнанні з валютнымі крэдытамі.

Ужо зараз адсоткавыя стаўкі па рублёвых крэдытах перавышаюць 20% гадавых. Так, у чэрвені 2009 г. сярэднія адсоткавыя стаўкі па кароткатэрміновых рублёвых крэдытах фізасобам узраслі да 20,8% і з улікам забароны валютных крэдытаў можна чакаць далейшага росту кошту рублёвых запазычанняў.

Відавочна, што па такіх завышаных стаўках браць рублёвыя крэдыты ў бягучай сітуацыі вельмі небяспечна. Таму хацелася б перасцерагчы насельніцтва ад выкарыстання любых крэдытаў (і валютных, і рублёвых). У дадзеным выпадку неабходна ўлічваць магчымае зніжэнне рэальных (гэта значыць з улікам росту інфляцыі) прыбыткаў і пагаршэнне сітуацыі на рынку працы, а таксама рэзкія ваганні валютных курсаў і інш.

Калі ж казаць пра іншыя негатыўных аспекты рашэння Нацбанка, дык тут можна вылучыць узмацненне дэвальвацыйных чаканняў у эканоміцы, а таксама магчымы адток укладаў у замежнай валюце з банкаўскай сістэмы краіны. Таму ў бягучай сітуацыі чаканае ў сувязі з пашырэннем валютнага калідора паслабленне беларускага рубля ў адносінах да кошыка валютаў (прыкладна на 5%) мэтазгодна перанесці на пазнейшы тэрмін (ці нават пайсці на некаторае ўмацаванне нацыянальнай валюты).

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках