14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свабода слова па-лукашэнкаўску

9
Свабода слова па-лукашэнкаўску

За здымку акцыі пратэсту каля Гомельскага аблвыканкама з ужываннем сілы быў затрыманы журналіст Алег Ражкоў. У яго адабралі відэаматэрыялы, а сам журналіст цяпер ледзь ходзіць.

8 ліпеня прадстаўнікі малога бізнэсу паспрабавалі выказаць сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў адносна забароны гандляваць півам у шапіках. Больш за 100 чалавек прыйшлі да будынка Гомельскага аблвыканкама і запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам горада. Старшыня аблвыканкама з бізнэсмэнамі сустрэцца адмовіўся, і яны перадалі адміністрацыі Гомеля сабраныя на мітынгу подпісы пад заявай пратэсту.

Як распавяла сайту baj.by журналістка Тацяна Бублікава, Алег Ражкоў здымаў акцыю на відэакамеру.

Па словах журналісткі, нечакана да іх падыйшлі двое ў цывільным. Яны вельмі хутка паказалі нейкія пасведчанні і запатрабавалі ад журналіста паказаць змесціва ягонай сумкі. Убачыўшы відэакамеру, людзі ў цывільным заявілі, што яна знаходзіцца ў вышуку. Па словах Тацяны Бублікавай, наяўнасць у Алега Ражкова журналісцкага пасведчання супрацоўнікаў спецслужбаў не цікавіла.

Журналіста даставілі ва УУС Гомельскага аблвыканкама. Як паведаміў БелаПАН сам Ражкоў, ва УУС яго пратрымалі больш за тры гадзіны. Высвятлілася, што гэта не тая відэакамера, якую нібыта шукае міліцыя. Аднак прадстаўнікоў праваахоўных органаў зацікавілі касеты з запісамі акцыі прадпрымальнікаў, і іх канфіскавалі. Яны таксама паспрабавалі скласці ў адносінах журналіста адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«Але пасля таго як я растлумачыў міліцыянтам, што яны парушаюць закон аб СМІ, яны раздумалі складаць пратакол, доўга тэлефанавалі сваім начальнікам і радзіліся, што са мной рабіць. У выніку пратакол не склалі — што, зрэшты, не перашкодзіць ім напісаць яго пры жаданні і пазней, але відэакасету з запісам акцыі прадпрымальнікаў перапісалі сабе на кампутар і мяне адпусцілі», — пракаментаваў журналіст.

Міліцыянты растлумачылі: відэазапіс акцыі ім патрэбны для таго, каб усталяваць арганізатараў мерапрыемства, якіх яны маюць намер прыцягнуць да адказнасці за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

У інтэрв'ю сайту www.charter97.org, Алег Ражкоў паведаміў, што пасля сілавога затрымання ў яго паўсталі сур'ёзныя праблемы з хрыбетнікам – быў зашчэмлены нерв.

«У мяне хворая нага, я кульгаю, але міліцыянты цягнулі мяне сілай пешшу ва УУС. Я казаў, што магу ісці сам, але яны ўсё роўна падганялі мяне, схапіўшы за рукі. У выніку адбылося зашчымленне хрыбетнікавага нерва, і я з цяжкасцю магу хадзіць. Прыйшлося выклікаць урача на дом», -- паведаміў журналіст.

Нагадаем, што ў канцы лютага Алег Ражкоў і ягоныкалега Зміцер Карамзін былі аштрафаваныя на 20 базавых велічынь кожны нібыта за «парушэнне правілаў правядзення вулічных акцый», хоць займаліся зборам інфармацыі аб акцыі ў абарону беларускай мовы 21 лютага. Неўзабаве Гомельская абласная пракуратура вынесла папярэджанне Алегу Ражкову і Тацяне Бублікавай «за ажыццяўленне журналісцкай дзейнасці ў карысць польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат».

Фота з архіва

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках