14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтуховіча вінавацяць у замаху на губернатара і намміністра?

39
Аўтуховіча вінавацяць у замаху на губернатара і намміністра?

Беларускія СМІ пішуць сёння аб тым, што палітзняволенага Мікалая Аўтуховіча спрабуюць абвінаваціць у спробе забойства высокапастаўленых чыноўнікаў.

Газета «Ежедневник» апублікавала артыкул аб новым павароце справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, які стаў вядомы з асабістых крыніц выдання.

«Ежедневник» паведамляе, што Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАП) МУС нібыта выявіла змову, якая мела на мэце фізічнае ўхіленне губернатара Гарадзенскай вобласці Ўладзіміра Саўчанку і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменку.

Як піша выданне, па дадзеных МУС, замах на Ў.Саўчанку і Ў.Каменку планаваўся з выкарыстаннем выбухной прылады і гранатамёта групай былых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія ваявалі ў свой час у Афганістане. Па меркаванні следства, узначальваў гэтую групу вядомы ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Нагадаем, што ў 2005 годзе ў М.Аўтуховіча пачаліся сур'ёзныя праблемы з мясцовымі ўладамі і падатковай інспекцыяй. Прадпрымальнік доўгі час спрабаваў давесці, што ён ніякіх нелегальных схем ухілення ад падаткаў не прыдумляў і не рэалізоўваў, а ягоны пераслед не што іншае, як палітычны прэсінг. Але адчувальных вынікаў гэта не прынесла. Як заяўляюць сведкі, у той час Аўтуховічу паступалі пагрозы аб фізічнай расправе. Нягледзячы на галадоўкі, заступніцтва Еўропы і ЗША, якія прызналі прадпрымальніка палітычнай ахвярай, у 2006 годзе ён быў асуджаны на 3,5 гады пазбаўлення волі за няплату падаткаў.

У турме Мікалай Аўтуховіч працягнуў галадоўкі з патрабаваннем неадкладнага вызвалення, але з тым жа поспехам. Толькі ў пачатку 2008 года ваўкавыскі прадпрымальнік апынуўся на волі. Аднак ужо 8 лютага 2009 года ён быў ізноў арыштаваны. Яму прад'явілі абвінавачванне па ч.3 арт.218 КК РБ (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Паводле афіцыйнага абвінавачвання, Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка ў 2005 годзе здзейснілі падпалы дома і гаража, што належылі службовым асобам Ваўкавыскага раёна. Нібыта прадпрымальнікі помсцілі ім за пераслед. Цікава, што ў 2005 годзе М.Аўтуховіча і ягоных таварышаў правяралі на дачыненне да гэтых дзеянняў, але тады нічога супраць іх не знайшлі. Да таго ж, вінаватыя ў падпалах людзі даўно адбываюць пакаранне. Следам за падпаламі ў справе М.Аўтуховіча з'явіліся самаробная выбухная прылада і гранатамёт РПГ-26.

Зброя была выяўленая супрацоўнікамі органаў унутраных справаў яшчэ 30 кастрычніка 2005 года на тэрыторыі школы-ліцэя №1 г.Гродна. Па гэтым факце была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 295 КК РБ (незаконныя дзеянні ў адносінах агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Праз чатыры гады, пасля арышту і допыту Аляксандра Ларына, які раней працаваў на М.Аўтуховіча, міліцыянты палічылі, што валодаюць доказамі дачынення М.Аўтуховіча да небяспечнай знаходкі.

ГУБАП, ПР МУС і Генеральнай пракуратурай падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў супрацоўнікі праваахоўных органаў палічылі, што М.Аўтуховіч і А.Ларын з красавіка па кастрычнік 2005 года рыхтавалі замах на жыццё старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Ўладзіміра Саўчанку і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменку.

У сувязі з вышэйпададзеным у адносінах Мікалая Аўтуховіча новая крымінальная справа па арт.арт.13, 359 КК РБ (падрыхтоўка да замаху на жыццё дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, здзейсненая ў сувязі з ягонай дзяржаўнай або грамадскай дзейнасцю з мэтай дэстабілізацыі грамадскага парадку, альбо ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі, альбо перашкаджэння палітычнай або іншай грамадскай дзейнасці, альбо з помсты за такую дзейнасць).

У цяперашні час следчая група дапытвае сяброў і знаёмых М.Аўтуховіча, асабліва «афганцаў».

Мікалай Аўтуховіч сваёй віны не прызнае. З 16 красавіка ён праводзіць галадоўку ў СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама, патрабуючы ў найкароткія тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным па дадзенай крымінальнай справе меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе. За гэты час затрыманы страціў 30 кг вагі.

Беларускія праваабаронцы лічаць затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці неаднаразова выступалі ў абарону затрыманых прадпрымальнікаў, патрабуючы ад улад іх вызвалення і аб'ектыўнага расследавання справы. Так, у канцы чэрвеня Рада беларускай інтэлігенцыі выступіла з патрабаваннем неадкладна вызваліць Аўтуховіча, «які знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці».

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках