14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парламентарыі Эстоніі сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі

1
Парламентарыі Эстоніі сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі

Эстонія зацікаўленая ў развіцці адносінаў з еўрапейскай Беларуссю.

Каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка і Ўладзімір Кобец сустрэліся з намеснікам старшыні фракцыі найбуйной апазіцыйнай Цэнтрысцкай партыі ў Рыйгікогу Эстоніі Ўладзімірам Вельманам і дэпутатам парламента ад уваходзячай у кіруючую кааліцыю партыі «Саюз Айчыны» Мартам Нуттам.

«Эстонскіх парламентарыяў цікавіла сітуацыя ў Беларусі ўвогуле, і прыватнасці -- нашае меркаванне з нагоды лібералізацыі ў нашай краіне. Ці ажыццяўляецца гэтая лібералізацыя на самой справе ці гэта толькі імітацыя? Мы адзначылі, што ніякай лібералізацыі ў Беларусі няма, што нават за дзень да прыезду дэлегацыі парламентарыяў Эстоніі ў Беларусі з'явіліся новыя палітвязні. Мы распавялі аб апошніх арыштах і судах над актывістамі апазіцыі, і, безумоўна, паднялі пытанне аб галадоўцы палітвязня Мікалая Аўтуховіча, які галадае ўжо 85 дзён і ягонаму жыццю пагражае смяротная небяспека», -- паведаміў у інтэрв'ю сайту www.charter97.org адзін з удзельнікаў сустрэчы Зміцер Бандарэнка.

Па словах каардынатара «Еўрапейскай Беларусі», на сустрэчы з дэпутатамі Рыйгікогу ён і Ўладзімір Кобец адзначылі, што лібералізацыя не адбываецца ў Беларусі нават у эканамічнай галіне.

«Галоўная мэта ўладаў – гэта атрымаць крэдыты на Захадзе, а не рэфармаваць эканоміку. У апошні час узмацніліся рэпрэсіі не толькі супраць апазіцыі, але і супраць бізнэсмэнаў і дырэктараў заводаў. Калі людзей масава кідаюць у турмы і выпускаюць толькі ў выпадку, калі яны выплачваюць пэўную суму за сваё вызваленне. Гэта зусім не спрыяе разняволенню прадпрымальніцтва», -- адзначыў Бандарэнка.

У адказ эстонскія дэпутаты паведамілі беларускім апазіцыйным палітыкам, што на сустрэчах з прадстаўнікамі ўлад яны паднімалі пытанне аб неабходнасці правядзення ў Беларусі дэмакратычных рэформаў, стварэння нармальных умоваў для дзейнасці грамадзянскай супольнасці і аб важнасці сапраўднага ўнутранага дыялогу ў краіне паміж уладамі і апазіцыяй.

«Мы адказалі, што беларускія дэмакратычныя сілы неаднаразова прапаноўвалі ўладам пачаць гэты дыялог, але акрамя «вулічнай» лаянкі ў свой адрас і новых палітычных рэпрэсій з боку ўладаў мы не бачылі.

Эстонскія парламентарыі падкрэслілі, што сустрэча з намі як прадстаўнікамі апазіцыі для іх таксама важная, як і сустрэча з прадстаўнікамі ўладаў. Эстонія – еўрапейская дэмакратычная краіна, якая лічыць Беларусь такой жа еўрапейскай краінай і, вядома, зацікаўленая ў пашырэнні кантактаў, павелічэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Прыкладам такой зацікаўленасці стане адкрыццё хуткім часам у Менску амбасады Эстоніі. Праўда Ўладзімір Вельман і Март Нутт адзначылі, што адносіны паміж Эстоніяй і Беларуссю былі б значна больш прадуктыўнымі, калі бы нашая краіна сапраўды стала на шлях дэмакратычнага развіцця», -- паведаміў Зміцер Бандарэнка.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках