27 снежня 2024, Пятніца, 13:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка гандлюецца і адмаўляецца ўзначаліць АДКБ

34
Лукашэнка гандлюецца і адмаўляецца ўзначаліць АДКБ

Аляксандр Лукашэнка з'ехаў з Кыргызтана, дзе праходзіў нефармальны саміт кіраўнікоў дзяржаваў-чальцоў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, так і не сустрэўшыся тэт-а-тэт з Дзмітрыем Мядзведзевым.

Учора беларускі кіраўнік прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў - чальцоў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Асноўнай інтрыгай сустрэчы было пытанне: ці падпіша ён пагадненне аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР).

Паводле звестак расейскага выдання «Коммерсант», прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў не пакідае надзеі «угаварыць Лукашэнку падпісаць пагадненне аб стварэнні КСАР».

Разам з тым, як паведаміў напярэдадні памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька, «асобнай сустрэчы прэзідэнтаў Мядзведзева і Лукашэнкі не было запланавана, паколькі беларускі бок яе не запрасіў». «А значыць, да пераадолення рознагалоссяў паміж Масквой і Менскам па-ранейшаму далёка», — піша «Коммерсант».

Сёння ж стала вядома, што Расея «будзе працягваць тэхнічнае старшыяванне ў АДКБ у чаканні таго моманту, калі Беларусь будзе гатовая ўзяць на сябе паўнавартасныя функцыі старшыявання». Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў па выніках саміту.

Паводле яго словаў, Лукашэнка заявіў на саміце, што «гэтае пытанне разглядаецца і адпаведныя рашэнні будуць прынятыя своечасова».

Беларусь павінна была пераняць старшынства ў АДКБ ад Арменіі на саміце ў чэрвені ў Маскве. Аднак Аляксандр Лукашэнка тады не прыехаў на сустрэчу, і ў гэтай сувязі тэхнічнае старшынства ўзяла на сябе Расея. Тады ж, 14 чэрвеня, былі падпісаныя дакументы аб стварэнні КСАР. Усе дакументы, падпісаныя падчас маскоўскага саміту, МЗС Беларусі абвясціў нелегітымнымі.

31 ліпеня па выніках афіцыйнай часткі саміту ў Чалпон-Ате, якая доўжылася больш за дзве гадзіны, бакі дамовіліся весці «скаардынаваную палітыку ў інфармацыйнай прасторы», а таксама «стварыць у Расеі цэнтр інфармацыйных тэхналогіяў, дзе будуць праходзіць падрыхтоўку спецыялісты ў гэтай сферы». Удзельнікі саміту таксама падтрымалі прапанову кыргызскага боку аб стварэнні на возеры Ісык-Куль цэнтра для моладзевых збораў ваенна-спартовых арганізацыяў дзяржаваў АДКБ, які будзе дзейнічаць пастаянна.

Мядзведзеў і Бакіеў падпісалі мемарандум па далейшым развіцці і ўдасканаленні двухбаковай дамоўна-прававой базы, якая рэгулюе знаходжанне расейскіх вайсковых фармаванняў на тэрыторыі Кыргызтана і размяшчэнне дадатковага расейскага вайсковага кантынгенту агульнай колькасцю да батальёна і навучальны цэнтр для падрыхтоўкі расейскіх і кыргызскіх вайскоўцаў.

У Кыргызтане ўжо ёсць расейская ваенная база, якая знаходзіцца ў горадзе Кант у 20 кіламетрах ад Бішкека.

Тэрмін дзеяння новага пагаднення - 49 гадоў, акрамя таго ў дакуменце прадугледжаная магчымасць яго аўтаматычнага працягнення на 25-гадовыя перыяды.

Удзельнікамі АДКБ з'яўляюцца Расея, Казахстан, Беларусь, Кыргызтан, Таджыкістан, Узбекістан і Арменія.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках