15 лiстапада 2024, Пятніца, 0:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дабравольскі: «Спрашчэнне дзяржрэгістрацыі партыяў нічога не вартае, пакуль застаецца на паперы»

10 жніўня афіцыйныя СМІ Беларусі паведамілі, што дзяржрэгістрацыя партыяў, прафсаюзаў і грамадскіх аб'яднанняў спрошчаная.

Спрашчэнне працэдураў рэгістрацыі звязанае са зменамі, якія ўнес Савет міністраў у дзейснае заканадаўства.

Як паведамляе БелТА, «праект пастановы быў распрацаваны Міністэрствам юстыцыі ў мэтах рэалізацыі адзінага падыходу да дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асобаў».

Аднак варта ўзгадаць, што толькі за апошнія паўгады Мінюст некалькі разоў адмовіў у рэгістрацыі аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Такія ж праблемы адчувае Грамадскае праваабарончае аб'яднанне «Наша Вясна», якое правяло некалькі безвыніковых праверак зарэгістравацца ў Беларусі.

Нягледзячы на звароты ўплывовых міжнародных арганізацыяў, беларускія ўлады не толькі не рэгіструюць «Нашу Вясну», але таксама адмаўляюць у выдачы візаў прадстаўнікам вядомых праваабарончых асацыяцыяў. Так 30 ліпеня прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сугайрэ Белхасен было адмоўлена ў атрыманні візы ў консульстве Беларусі ў Парыжы.

На думку намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага, спрашчэнне дзяржрэгістрацыі партыяў і грамадскіх аб'яднанняў можа застацца «толькі на паперы». Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю сайту www.charter97.org.

«Я узгадваю 1999 год, калі Аляксандр Лукашэнка выдаў дэкрэт №2, які максімальна ўскладніў стварэнне грамадзянамі Беларусі палітычных партыяў і грамадскіх аб'яднанняў, -- кажа Аляксандр Дабравольскі. -- Акрамя таго, гэты дэкрэт стварыў прэцэдэнт, калі за ўдзел у няўрадавай арганізацыі чалавек стаў несці крымінальную (!) адказнасць. Адразу ж пасля прыняцця дэкрэту была праведзеная перарэгістрацыя. Шмат якія партыі і грамадскія аб'яднанні зніклі. Не ведаю, якія змены адбудуцца пасля прыняцця новых правілаў дзяржрэгістрацыі, але пакуль што на фронце «лібералізацыі» больш словаў, чым справы».

Як заяўляе палітык, пры рэгістрацыі асноўная праблема заключаецца не ў законе, а ў «выбіральнасці», якой карыстаюцца чыноўнікі.

«Спрашчэнне дзяржрэгістрацыі – у любой форме з'ява станоўчая. Яно пашырае магчымасці грамадзянскай супольнасці кантраляваць дзеянні ўладаў. Іншая справа, што асноўная праблема заключаецца не столькі ў дрэнным заканадаўстве, колькі ў «выбіральнасці» выканання закона. Любая змена ў законе нічога не значыць, пакуль улады выкарыстоўваюць падвойныя стандарты пры рэгістрацыі партыяў і грамадскіх аб'яднанняў, пакуль партыі рэгіструюць ці не рэгіструюць «выбарачна». Толькі ў выпадку ліквідацыі падобнай практыкі магчымыя нейкія змены», -- лічыць Аляксандр Дабравольскі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках