15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі апазіцыянер напісаў адкрыты ліст міністру адукацыі Расеі

10

Гомельскі актывіст «Маладога фронту» Андрэй Цянюта, якога незаконна адлічылі з расейскага вну, падаў скаргу ў Міністэрства адукацыі РФ.

Андрэй Цянюта скардзіцца на незаконныя, на яго думку, дзеянні супрацоўнікаў Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі, студэнтам якой ён з'яўляецца.

Па словах актывіста «Маладога фронту», яго беспадстаўнае адлічэнне з вну было ініцыявана беларускімі спецслужбамі. Андрэй Цянюта просіць Міністэрства адукацыі РФ дэталёва разабрацца ў сітуацыі, якая склалася. Свой зварот апазіцыянер накіраваў на імя міністра адукацыі Расеі.

« З 2007 года я з'яўляюся студэнтам – завочнікам Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі, -- піша ў сваім звароце Андрэй Цянюта. -- Навучаюся я на платнай аснове. 21 ліпеня 2009 г. да мяне дадому з'явіўся ўчастковы міліцыянт і ўручыў на 24 ліпеня позву ў ваенкамат для прызыву. Мяне гэта надзвычай здзівіла, бо, паводле беларускага заканадаўства, я маю на перыяд вучобы адтэрміноўку ад вайсковай службы. Поштай я накіраваў у ваенкамат даведку пра тое, што з'яўляюся студэнтам. На што мне прыйшоў адказ, што загадам рэктара сваёй акадэміі ад 16 чэрвеня 2009 г. я быў адлічаны за акадэмічную запазычанасць. Акадэмічных запазычанасцяў па навучанні на самой справе ў мяне не было. Каб патлумачыць сітуацыю, я паехаў у Навазыбкаў, дзе знаходзіцца філіял Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі, у якой я навучаюся.

Па словах актывіста «Маладога фронту», супрацоўніца канцылярыі заявіла яму, што ў яго б не ўзнікла праблемаў з навучаннем, калі б ён не займаўся «абы чым».

«Я сустрэўся з супрацоўніцай канцылярыі акадэміі Таццянай Сівец, якая мне заявіла, што, калі б я не займаўся «абы чым» (у Беларусі я займаюся актыўнай грамадскай дзейнасцю, з'яўляюся сябрам незарэгістраванай беларускімі ўладамі арганізацыі «Малады фронт»), дык працягваў бы навучацца «без праблемаў» і атрымаў дыплом, -- сцвярджае Цянюта. -- Таксама яна заявіла мне, што я пішу «усякую лухту ў Інтэрнэце». А яшчэ, з яе словаў, нібыта 1,5 гады таму я не здаў залік, таму мяне і адлічваюць. Але нездадзеных залікаў у мяне не было! І, да таго ж, як я мог з нездадзеным залікам вучыцца столькі часу – цэлых 3 семестры! Дзе такое рэальна наогул? У канцылярыі мне ўручылі загад рэктара № 86-с ад 16 чэрвеня 2009 г. аб маім адлічэнні за акадэмічную запазычанасць. На гэтым «загадзе» стаяў толькі подпіс заг. канцылярыяй Т.В. Салдаценкі. Ні дэкан, ні рэктар акадэміі не паставілі свае подпісы на гэтым дакуменце. Гербавая пячатка установы на «загадзе» таксама адсутнічала. Яшчэ раз звяртаю Вашую ўвагу: гэты дакумент датаваны 16 чэрвеня, г.зн. да 8 жніўня было дастаткова часу, каб і дэкан, і рэктар маглі яго падпісаць. Яшчэ раз падкрэсліваю, што акадэмія мяне ніяк не апавяшчала пра адлічэнне, ні папярэдне, ні постфактум. Копію «загада» я Вам адсылаю. Знаходжу ўсе гэтыя падзеі вельмі падазронымі і супярэчнымі не толькі заканадаўству і Расейскай Федэрацыі, і Рэспублікі Беларусь, але і разумнаму сэнсу. Лічу, што гэтае здарэнне інспіравана беларускімі спецслужбамі, якія ўцягнулі ў яго і супрацоўнікаў акадэміі. Прашу разабрацца ў гэтай сітуацыі і прыняць адпаведныя меры».

Нагадаем, што 10 жніўня гомельскага актывіста «Маладога фронту» Андрэя Цянюту затрымалі ля пад'езда яго дома супрацоўнікі міліцыі і павезлі ў ваенкамат. З моладзевым актывістам была праведзеная тлумачальная гутарка і складзены адміністрацыйны пратакол. На 14 жніўня Андрэю Цянюту прызначаная новая яўка ў ваенкамат для праходжання медыцынскага агляду. Актывіст «Маладога фронту» асцерагаецца, што яго могуць незаконна забраць у армію пасля афіцыйнага заканчэння прызыву і правядзення ваеннай прысягі.

Андрэя Цянюту неаднаразова прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за сваю палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў».

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтоўна прызвалі ў армію. Гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» гвалтоўна забралі ў армію 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас навучання быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сілаў абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў вну, але праз чатыры дні ізноў быў адлічаны і адпраўлены ў армію.

У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Зміцерам Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў накіравалі ў армію, нягледзячы на медыцынскія паказанні.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках