15 лiстапада 2024, Пятніца, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анкетаванне дзяржслужачых: у акцыях пратэсту гатовыя ўдзельнічаць нават міліцыянты

22

Незалежныя прафсаюзы высветлілі, як беларусы жывуць падчас крызісу.

Каля месяца таму амаль 2,5 тысячы анкетаў «Як мы жывем?» былі распаўсюджаныя актывістамі Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) сярод працоўных. На прахадных людзям уручаліся капэрты са зваротным адрасам, а ў іх – аркушык з пытаннямі і варыянтамі адказаў.

Колькі дзён у тыдзень працуе прадпрыемства? Як аплачваюцца дні прастою завода? Як вы ацэньваеце сваё матэрыяльнае становішча? У чым прычыны пагаршэння і як выходзіць з сітуацыі? Пакуль на гэтыя пытанні адказала каля 250 працоўных, сярод якіх кладаўшчыкі, токары, газаўшчыкі, слесары, кранаўшчыкі, прыбіральшчыкі… Шмат хто з іх не пабаяўся пазначыць на капэртах свае ініцыялы і адрас.

Пакуль што прадстаўнікі прафсаюза РЭП падводзяць папярэднія вынікі анкетавання, але ўжо можна сцвярджаць, што атрыманыя звесткі агаломшваюць. Яны паказваюць рэальную карціну сённяшняга жыцця чалавека працы.

Пераважная большасць удзельнікаў апытання лічаць, што іх матэрыяльнае становішча пагоршылася, прыбыткі знізіліся на 30-40%, паведамляе «Заўтра тваёй краіны».

Пачнем з рэгіёнаў. Барысаўскае ААТ «БАТЭ» працуе чатыры дні ў тыдзень. Сярэдняя зарплата працоўнага складае 400-500 тысячаў рублёў. За апошні час, на думку большасці анкетаваных, іх прыбытак знізіўся на 30-40 адсоткаў. Пры гэтым кошты на прадукты харчавання і паслугі, як адзначаецца, растуць (ці значна выраслі). Прычыны пагаршэння становішча адны бачаць у эканамічным крызісе, іншыя – у адсутнасці стымулу высокапрадукцыйнай працы.

У жодзінскім РУВП «БелАЗ» працоўныя працуюць поўны працоўны дзень. Праўда, часам бываюць вымушаныя прастоі, за якія аплачваецца 3/4 тарыфнай стаўкі акладу. Сярэдняя зарабатная плата – 500-600 тысячаў рублёў. За апошні час яна знізілася, па падліках саміх працаўнікоў, прыкладна на 20 адсоткаў.

Міліцыянт са Смалявічаў, які зарабляе 500-600 тысячаў рублёў, лічыць, што эканамічны крызіс – гэта добрая адгаворка для кіраўнікоў, каб не плаціць людзям прэміі і надбаўкі. Сам ён гатовы ўдзельнічаць у акцыях пратэсту.

На берасцейскім прадпрыемстве «Цветатрон» -- чатырохдзённы працоўны тыдзень, узровень прыбытку – 300-400 тысячаў рублёў, зарплаты знізіліся прыкладна на 30 адсоткаў.

Цяжкая сітуацыя і на шклозаводзе «Нёман», які знаходзіцца ў вёсцы Бярозаўка (Гарадзенская вобласць). Там людзі працуюць няпоўны працоўны дзень. Перыядычна здараюцца вымушаныя прастоі, якія, як пішуць працоўныя, не аплачваюцца. Сярэдняя зарплата – 300-400 тысячаў рублёў.

Столькі ж зарабляюць удзельнікі анкетавання на віцебскім РУВП «Віцязь». Працуюць, праўда, поўны працоўны дзень.

Вартаўнік-цясляр аднаго з берасцейскіх дзіцячых садкоў працуе поўны працоўны дзень за зарплату 200-300 тысячаў. Акрамя таго, як напісана ў анкеце, яго яшчэ вымушаюць ісці ў адпачынак за свой кошт.

Найбольшая колькасць анкетаў запоўненая на менскіх найбуйнейшых прамысловых прадпрыемствах. Працаўнікі ААТ «Менскі падшыпнікавы завод» паведамляюць, што працуюць па 3-4 дні ў тыдзень. Зарплата – ад 400 тысячаў да 1 млн. рублёў. Некаторыя адзначаюць, што за апошні час яна знізілася на 50 адсоткаў.

«Няма зарплаты, няма стымулу да працы і жыцця», -- канстатуе адзін з працоўных.

На ААТ «МАЗ» -- трохдзённы працоўны тыдзень. Прыбыткі – ад 400 тысячаў да 1 млн 200 тысячаў рублёў. Праўда, тых, хто зарабляе больш за мільён сярод удзельнікаў акцыі -- адзінкі.

Што рабіць – пытанне ў анкеце, за якім ідуць варыянты адказаў. У адной з анкетаў усе яны перакрэсленыя. На іх – вялікімі літарамі напісана: «Не ведаю! Улада ўсіх загнала ў страх».

У ліпені на Менскім трактарным заводзе працавалі тры дні ў тыдзень. Зарплаты працоўных – ад 500 тысячаў да 1 млн. рублёў. У радзеле пра прычыны пагаршэння матэрыяльнага становішча некаторыя працаўнікі адзначаюць: не абнаўляецца матэрыяльная база, аказваецца ціск на прыватны бізнэс.

Наогул, адказы ў анкетаваных з розных гарадоў і раёнаў часта супадаюць. Так, шмат хто вінаваціць у эканамічных праблемах адміністрацыю прадпрыемстваў, якая, на іх думку, непрафесійна выконвае свае функцыі, а таксама вышэйшых службовых асобаў дзяржавы – якія дрэнна кіруюць.

Шмат у каго супадаюць меркаванні пра тое, як гэтыя праблемы можна вырашыць -- для гэтага, лічаць працоўныя, трэба патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі і ўрада эфектыўнай працы і вынікаў. Таксама неабходна выпрацаваць патрабаванні да наймальніка і кіраўніцтва краіны і адстойваць іх усімі дасягальнымі сродкамі. Прыкладна палова анкетаваных гатовая ўдзельнічаць у масавых акцыях пратэсту.

«Мы зладзілі гэтае анкетаванне з мэтай высветліць, наколькі задавальняе працоўных іх цяперашняе становішча. Каго яны вінавацяць у сітуацыі, якая склалася: працадаўцаў, дзяржаву ці сябе. А таксама ці гатовыя яны да таго, каб выпрацаваць свае патрабаванні», — распавёў «лідэр прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Апрацаваныя дадзеныя анкетаў будуць даведзеныя да ведама адміністрацыяў прадпрыемстваў. На падставе адказаў кіраўніцтва прафсаюза выпрацуе патрабаванні да наймальнікаў, якія дапамогуць працоўным дамагчыся паляпшэнні ўмоваў працы ў адпаведнасці з іх уласнымі патрабаваннямі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках