14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША не збіраюцца гандлявацца з рэжымам Лукашэнкі

15
ЗША не збіраюцца гандлявацца з рэжымам Лукашэнкі

Памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан пачаў свой візіт у Менск з сустрэчаў з апазіцыйнымі палітыкамі і заявіў, што гандляваць дэмакратычнымі каштоўнасцямі ЗША не будуць.

Высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік сустрэўся з былым палітвязнем, экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным, лідэрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, намеснікам старшыні Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам кіраўніком Партыі камуністаў беларускай Сяргеем Калякіным, намеснікам кіраўніка руху «За свабоду» Віктарам Карніенкам, старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатолем Ляўковічам, лідэрам арганізацыі «Маладыя дэмакраты» Міхаілам Пашкевічам, сустаршынём партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталём Рымашэўскім, праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам.

Пра вынікі сустрэчы сайту www.charter97.org распавёў былы палітвязень Аляксандр Казулін.

«Падчас сустрэчы з памочнікам дзяржсакратара ЗША мы ўзнялі ўвесь спектр пытанняў, якія сёння хвалююць дэмакратычную грамадскасць. Мы адзначылі, што на самой справе ніякіх пазітыўных зменаў у Беларусі не адбылося, наадварот па шмат якіх пазіцыях сітуацыя толькі пагоршылася. Адбываецца ўзмацненне палітычных рэпрэсіяў, у турмах знаходзяцца палітвязні Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Арцём Дубскі. Працягваецца ціск на няўрадавыя арганізацыі, ім адмаўляюць у рэгістрацыі і ўвесь час перашкаджаюць у працы, у дачыненні да дэмакратычных актывістаў выкарыстоўваецца «палітычны» артыкул Крымінальнага кодэкса – іх пераследуюць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыйяў. У краіне няма свабоды слова: праца двух незалежных газетаў ніяк не змяняе сітуацыю, якая, наадварот, пагаршаецца», -- распавёў Казулін.

Па словах палітыка, у адказ Філіп Гордан заявіў, што пазіцыя ЗША у дачыненні да сітуацыі ў Беларусі застаецца нязменнай.

«Спадар Гордан заявіў, што ніякага гандлю дэмакратычнымі каштоўнасцямі не будзе. І гандляваць колькасцю сваёй амбасады ў Беларусі ЗША не збіраюцца. Санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва Беларусі ўводзіліся з-за парушэння правоў і свабодаў грамадзянаў, і пакуль сітуацыя кардынальна не зменіцца, ніхто іх адмяняць не будзе.

ЗША цвёрда стаіць на сваіх пазіцыях – правы і свабоды грамадзянаў для іх заўсёды на першым месцы. Для паляпшэння беларуска-амерыканскіх адносінаў уладам неабходна вызваліць палітвязняў, даць свабоду СМІ і няўрадавым арганізацыям, правесці свабодныя прэзідэнцкія выбары. На думку Гордана, ва ўмовах крызісу беларускія ўлады гатовыя рабіць некаторыя крокі, але гэтыя крокі павінны быць больш значнымі. Змены павінны адбывацца не на словах, а на справе», - паведаміў Аляксандр Казулін.

Сустрэчу з памочнікам дзяржсакратара ЗША таксама пракаментаваў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» лідэр арганізацыі «Маладыя дэмакраты» Міхаіл Пашкевіч.

«Скразной тэмай размовы гучала вызваленне Мікалая Аўтуховіча і іншых палітычных вязняў, -- сказаў Міхаіл Пашкевіч. -- У мяне склалася ўражанне, што спадар Гордан добра валодае тэмай. І таму, думаю, што сённяшні візіт памочніка дзяржсакратара ў адміністрацыю Лукашэнкі не будзе для беларускага боку самым простым. Гордан сказаў, што сцэнар, які зараз мусіруецца ў некаторых СМІ – павелічэнне штата амбасады ЗША наўзамен на адмену санкцыяў – не мае падставаў, такога гандлю не будзе. А санкцыі ЗША адменяць толькі тады, калі ў Беларусі на самой справе адбудуцца сур'ёзныя змены».

Нагадаем, што памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан знаходзіцца з аднадзённым візітам у Менску. Дыпламат сустракаецца з прадстаўнікамі апазіцыі, чыноўнікамі МЗС і адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках