28 снежня 2024, Субота, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Белстат засакрэціў звесткі пра складскія запасы

21

Улады прынялі чарговае «антыкрызіснае рашэнне» - спынілі публікацыю звестак пра складскія запасы.

За апошнія паўгады звесткі пра складскія запасы беларускіх вытворцаў і экспарцёраў сталі настолькі ж масавай і запатрабаванай інфармацыяй як зводка надвор'я на заўтра і выходныя. Гэтыя звесткі дазваляюць больш рэальна ацаніць «дасягненні» лукашэнкаўскай эканамічнай мадэлі як эксперту так і шэраговаму грамадзяніну, піша АФН.

Безумоўна, у такіх умовах уладам складана стаць героямі расчысткі затавараных прадпрыемстваў. Бо любы крок, нават месцамі ў правільным накірунку, будзе сустрэты скептыцызмам і бурчаннем «А чым раней думалі?». Але як зрабіць так, каб эксперты, грамадскасць і недзяржаўная прэса не перашкаджалі гэтай бітве ўладаў з ветракамі? Самае простае рашэнне і яно ж самае геніяльнае – Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі спыніў публікацыю звестак пра складскія запасы. У справаздачах ведамства аб працы беларускай эканомікі за студзень-ліпень, дасягальных для шырокай грамадскасці, гэтага інфармацыйнага раздзелу няма.

Такі падыход не выклікае здзіўлення, бо ўжо выкарыстоўваўся. Той жа Нацбанк Беларусі перастаў публікаваць звесткі пра сальда куплі-продажу наяўнай валюты на ўнутраным рынку. У кожным з выпадкаў было сваё тлумачэнне, але сутнасць усіх зводзілася да таго, каб залішне не бударажыць і без таго ўзбударажанае меркаванне грамадскасці.

У гэтай сувязі ўсё ж хацелася даведацца, тым жа самым кіраваліся ўлады, забараняючы публікацыю звестак пра СЗ, ці ёсць нейкае больш вытанчанае тлумачэнне. І як высветлілася, сапраўды ёсць.

Аказваецца, як і ва ўсіх астатніх выпадках, зыходзілі з самых добрых намераў.

«Не магу дакладна сказаць, ці прымалася афіцыйна такое рашэнне кіраўніком ведамства, але дыскусія аб публікацыі звестак пра складскія запасы сапраўды вялася. Узнікла пытанне, ці не зашкодзім мы нашым экспарцёрам, публікуючы гэтыя звесткі», - сказаў AFN.by высокапастаўлены чыноўнік Белстата ў адказ на просьбу растлумачыць, чаму са справаздачаў зніклі гэтыя звесткі.

Задавальняючы цікаўнасць прэсы, якім жа чынам можна нашкодзіць вытворцам, чыноўнік сказаў: «Вытворца хоча не проста прадаць сваю прадукцыю, а прадаць яе як мага больш выгадна. Але, пакупнікі, паінфармаваныя пра ўзровень складскіх запасаў, пачынаюць выстаўляць невыгадныя ўмовы».

Першы клас, другая чвэрць: а цяпер давайце заплюшчым вочы і ўявім, што ў нас няма складскіх запасаў і сёння нашыя прадпрыемствы прымаюць заказы з магчымасцю пастаўкі прадукцыі толькі ў лютым-сакавіку 2010 года. Уявіць можна, толькі такая краіна не можа называцца Беларуссю.

Вось толькі адсутнасць гэтых звестак не выратуе беларускіх экспарцёраў. Па-першае, пакупнікі на традыцыйных рынках добра паінфармаваныя пра сітуацыю на беларускіх прадпрыемствах і зусім не на падставе публікацыяў Белстата. Па-другое, экспартныя кошты залежаць не ад велічыні складскіх запасаў прадпрыемства-вытворцы, а ад коштавай кан'юнктуры на сусветным рынку, ці хаця б расейскім рынку, куды ўласна ў асноўным і адгружаецца наш таварны экспарт.

Ёсць і трэцяе. Нашкодзіць звесткамі пра складскія запасы можна толькі ў тым выпадку, калі рашэнне пра вытворчасць прадукцыі ва ўмовах рэзкага зніжэння попыту прымалася непасрэдна кіраўніцтвам нейкага асобнага прадпрыемства з тых ці іншых прычынаў, уключаючы і простае неразуменне бягучай сітуацыі. Але калі ў краіне на працягу ўсяго крызіснага года штодня ўсе сродкі масавай агітацыі пацвярджалі нязменнасць стратэгічнага курсу па выкананні даведзеных прагнозных паказчыкаў па ўзроўні вытворчасці, наступствы ад публікацыі звестак пра СЗ параўнальныя хіба што з укусам камара.

Можна нават сцвярджаць, што калі б у дырэктараў беларускіх прадпрыемстваў было права на самастойнае рашэнне, большасць ужо даўно б спынілі б свае канвееры, змагаючыся за кожны рубель свабодных грашовых сродкаў на сваім разліковым рахунку.

«А што рабіць з працоўнымі? Як быць з сацыяльнай стабільнасцю ў краіне?», - задаў у межах дыскусіі рытарычнае пытанне суразмоўца агенцтва.

Ужо неаднаразова выказвалася меркаванне, што ва ўмовах недахопу валюты прадпрыемствам на аснове ўзгодненых з урадам мерапрыемстваў можна было ўжо даўно адправіць у бестэрміновы адпачынак лішнюю працоўную сілу з захаваннем паловы ці двух трацінаў акладу, паралельна вырашаючы пры гэтым пытанне з магчымым працаўладкаваннем гэтых людзей на будаўніцтве жылля, з развіццём прыватнага прадпрымальніцтва ў сферы паслугаў, і ў першую чаргу ўнутранага турызму. І наагул, прасцей друкаваць беларускія рублі на зарплаты звольненым, чым шукаць валютныя крэдыты на прамежкавы імпарт, якія потым яшчэ прыйдзецца нейк вяртаць.

Пачуўшы гэтую тыраду, чыноўнік адказаў: «Гэта ўжо палітыка. Мы ж адказваем за статыстыку».

Зрэшты, адмова ад публікацыі звестак пра СЗ зусім не азначае, што такіх звестак няма. Белстат выдае тыражом 130 асобнікаў поўную справаздачу пра стан эканомікі краіны, якія сыходзяць на сталы А.Лукашэнкі, урада, міністэрстваў і ведамстваў. Так што яшчэ не ўсё страчана, і не выключана, што праз некаторы час у прэсу патрапяць запаветныя звесткі.

Забарона на публікацыю звестак пра складскія запасы яшчэ згуляе злы жарт з уладамі. Нягледзячы на тое, што паводле афіцыйных звестак складскія запасы на 1 жніўня 2009 годы склалі 88,3% ад сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці, рэальна знізіўшыся з 94,6% на 1 ліпеня 2009 года, ніхто сур'езна не ўспрыме гэтае дасягненне. Паколькі хаваюць, значыць, ёсць, што хаваць – такую логіку нічым не пераможаш.

А хаваюць улады тое, пра што ўжо гаварылася публічна, прычым на ўзроўні А.Лукашэнкі. А менавіта - за кошт чаго адбываецца зніжэнне: перадача прадукцыі па дакументах іншаму прадпрыемству, у тым ліку і нібыта пастаўка на экспарт, адгрузка на экспарт на ўмовах шматмесячнай адтэрміноўкі плацяжу і г.д. Усе гэтыя спосабы фізічна вызваляюць месца на складскіх пляцоўках, аднак не вырашаюць галоўную задачу-праблему беларускай эканомікі краіны – аб'ёмы валютнай выручкі працягваюць зніжацца (на 41,9% за 1-е паўгоддзе).

Так, што наўрад ці засакрэчванне яшчэ аднаго інфармацыйнага раздзелу пра стан беларускай эканомікі прывядзе да паляпшэння сітуацыі, роўна як і штотыднёвы маніторынг, які Белстат вымушаны ажыццяўляць у мэтах выканання даручэння А.Лукашэнкі па зніжэнні складскіх запасаў, адсочваючы ў аператыўным рэжыме звесткі ўсяго пра 33-ы беларускія прадпрыемствы – такая даўжыня пятлі, якая сціскаецца на горле беларускай эканомікі…

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках