15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі зачынілі яшчэ адну беларускамоўную школу

16

З кожным годам усё менш беларускіх школьнікаў маюць магчымасць праходзіць навучанне на роднай мове.

Праз два тыдні пачынаецца новы навучальны год. Па інфармацыі Таварыства беларускай школы, у мінулым навучальным годзе толькі 18% школьнікаў вучыліся на беларускай мове, паведамляе «Радыё Свабода».

Стан беларускамоўнага навучання даўно выклікае трывогу шырокай грамадскасці. 15 год таму, у 1994 годзе, 76% ад усіх першакласнікаў, а ў Менскай вобласці - 92,6% праходзілі навучанне на беларускай мове.

Па вызначэнні ЮНЭСКА, мова знаходзіцца на мяжы знікнення, калі на ей размаўляюць менш за 30% дзяцей.

Па словах старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, у Іванаўскім раёне, у вёсцы Вярхусце, зачыняецца беларускамоўная пачатковая школа. Намеснік начальніка аддзела адукацыі Іванаўскага райвыканкама Віктар Сцепановіч пацвердзіў гэты факт.

«Пачатковая школа зачыняецца ў сувязі з рэарганізацыяй згодна з рашэннем райвыканкама», -- заяўляе ён.

У Менску сітуацыя пакуль што без змен. Усе беларускамоўныя гімназіі, школы і класы, якія існавалі раней, будуць працаваць. Нагадаем, што сёлета сярэдняя школа №2, якая знаходзіцца ў Серабранцы, стала беларускамоўнай.

Алег Трусаў упэўнены, што з бацькамі трэба праводзіць тлумачальную працу, угаворваць, каб аддавалі дзяцей менавіта ў беларускія класы.

«Актывісты Таварыства беларускай мовы ў Лідзе дамовіліся з уладамі і сустрэліся з ўсімі бацькамі ўсіх дзіцячых садкоў горада, -- кажа Алег Трусаў. -- Два месяцы хадзілі, агітавалі запісваць дзяцей у беларускамоўныя класы. Чым гэта скончыцца, пакуль што не ведаю. Але гэта адзіны горад, дзе прайшла такая акцыя».

Дырэктар былой беларускамоўнай школы №2, а зараз - сталічнай гімназіі №28, Ніна Лазоўская распавядае:

«Набор праходзіць нядрэнна. Два першыя беларускамоўныя класы мы адчынім. І гэта не толькі дзеці з Серабранкі, але і з Лошыцы, іншых раёнаў».

Але ўсё ж сітуацыя з беларускамоўнымі школамі ў Беларусі пакідае жадаць лепшага. У ліпені гэтага года ў Жодзіна зачынілі апошні беларускамоўны клас. Гэта была трэцяя спроба чыноўнікаў рэгіёна ліквідаваць беларускае навучанне. Першы раз чыноўнікі спрабавалі гэта зрабіць у 2004-2005 гадах, другі раз - у 2008 годзе.

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі сталі зачыняцца беларускамоўныя школы. Таксама сталі пераходзіць на рускую мову навучання спецыяльныя класы, у якіх раней выкладанне праводзілася на беларускай мове. Эксперты звязваюць гэта з праведзеным Лукашэнкам рэферэндумам 1995 года, калі, апроч беларускай, статус нацыянальнай мовы атрымала расейская мова. З гэтага моманту ўлады пачалі праводзіць палітыку «русіфікацыі» беларускай школы. Так у 2003 годзе ў Менску быў зачынены вядомы Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках