28 снежня 2024, Субота, 21:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Нельга забіваць людзей ад імя дзяржавы

7

Праваабаронцы заяўляюць, што ў недэмакратычнай Беларусі не існуе ўмоваў для ўжывання смяротнага пакарання.

19 жніўня Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч у інтэрв'ю беларускім журналіста сказаў, што лічыць абгрунтаваным ужыванне смяротнага пакарання да асобаў, якія здзейснілі цяжкія забойствы. Пракаментаваць гэтае выказванне Генпракурора Euramost.org папрасіў вядомага адваката, праваабаронцу «Беларускага Хельсінскага камітэта» Гары Паганяйла.

З аднаго боку, Васілевіч казаў пра пакаранні, якія ўжо адбыліся. Але вам не здаецца, што ў той час, калі вельмі востра стаіць пытанне пра неабходнасць адмены ў нашай краіне смяротнага пакарання, гэтыя выказванні выглядаюць крыху несваечасовымі?

– Зразумела, што пазіцыя Генпракурора непаслядоўная. З аднаго боку шырока дыскутуецца праблема адмены смяротнага пакарання ці ўжывання мараторыя на яго, які мог бы быць уведзены ці рашэннем «палаты прадстаўнікоў», ці спецыяльным указам Лукашэнкі. Тым не менш, і Генпракурор, і некаторыя прадстаўнікі судовай улады лічаць, што гэтая выключная мера пакарання павінна ўжывацца. Гэтая непаслядоўнасць, відаць, звязаная з тым, што прадстаўнікі ўлады яшчэ не ведаюць, якую адмашку дасць беларускі кіраўнік. Таму, яны так сябе і паводзяць: быццам бы яны і за тое, каб смяротнае пакаранне было адмененае, ці, прынамсі, у якасці прамежкавага варыянту быў бы ўведзены мараторый. А з іншага боку – яны за тое, каб суды ўжывалі смяротнае пакаранне. І па тых прысудах, якія ўжо вынесеныя з выключнай мерай пакарання, каб яны былі прыведзеныя ў выкананне.

Васілевіч вельмі маляўніча апісаў злачынствы тых, каму былі вынесеныя смяротныя прысуды. Не ці пачатак гэта акцыі ў падтрымку захавання такога віду пакарання ў Беларусі?

– Не думаю. Гэта, хутчэй за ўсё, той менталітэт, які захаваўся ў адносінах да наяўнасці смяротнага пакарання і які існуе ў думках і прадстаўнікоў улады, і простых абывацеляў. Яны лічаць, што наяўнасць смяротнага пакарання з'яўляецца сур'ёзным фактарам, які стрымлівае ад здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Але гэта далёка не так! І той жа Васілевіч выдатна ведае гісторыю развіцця гэтага пакарання, ведае, што ў Еўропе ўжо даўно не ўжываецца выключная мера пакарання. Але, тым не менш, такіх страшных злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў Беларусі, ужо няма. Ёсць усякага кшталту вычварэнцы, адступленні ад чалавечай прыроды. Такое было, ёсць і будзе ў чалавечай супольнасці. Але гэта не значыць, што ад імя дзяржавы можна ўжываць такую меру пакарання – забойства чалавека.

Усе выдатна разумеюць, што апошняе слова ў пытанні адмены ці захавання смяротнага пакарання ў нашай краіне будзе за Лукашэнкам. Чыноўнікі чакаюць яго адмашкі, Захад чакае прыняцця рашэння. А чаму ён нічога з гэтай нагоды не кажа?

– Лукашэнка вядомы сваёй асцярожнасцю і папулісцкім настроем. Зразумела: яму і хочацца, і колецца. Хацелася б зрабіць крок насустрач Еўропе і адмяніць, але з іншага боку – ён звязаны папулісцкім рашэннем рэферэндуму 1996 года, на якім абсалютна неабгрунтавана ставілася пытанне аб наяўнасці смяротнага пакарання ў нашым заканадаўстве. Такія пытанні з ходу з народам нельга абмяркоўваць. Народ трэба рыхтаваць, што не па-хрысціянску ад імя дзяржавы забіваць людзей. У нас сёння наогул няма ўмоваў для таго, каб такая мера пакарання ўжывалася – няма незалежнага суду, няма незалежнага расследавання, адсутнічае верагоднасць памылак. Па ідэі, улічваючы гэта, улада павінна была б імкнуцца адмовіцца ад ужывання выключнай меры пакарання. Але дзейнічае папулісцкая ідэя захавання смяротнага пакарання як прынцыпу – «вока за вока, смерць за смерць». Але мы даўно былі павінны адступіць ад гэтых прынцыпаў і тым самым ачалавечыць нашае грамадства.

Як ужо паведамляў сайт www.charter97.org, 23 чэрвеня Рада Еўропы прыняла рэзалюцыю, паводле якой беларускі «парламент» атрымае статус спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ толькі пасля адмены смяротнага пакарання.

У адказ беларускія «дэпутаты» заявілі, што ў Беларусі практычна ўжо год не праводзіцца смяротнае пакаранне. Шматлікія чыноўнікі выказалі меркаванне, што для адмены смяротнага пакаранняў Беларусі прыйдзецца правесці рэферэндум.

І неўзабаве пасля заявы ПАРЕ у Беларусі былі вынесеныя два смяротныя прысуды. Першы смяротны прысуд сёлета быў вынесены ў канцы чэрвеня - суд прысудзіў аднаго жыхара Беларусі да смяротнага пакарання і аднаго да пажыццёвага зняволення за забойствы пенсіянерак у Драгічынскім раёне. Другі смяротны прысуд вынесены аднаму з забойцаў двух супрацоўнікаў СВК «Бальшавік-Агра» (Салігорскі раён). У 2008 годзе да смяротнага пакарання ў Беларусі былі прысуджаныя 2 чалавекі, адзін з іх за згвалтаванне і забойства 9-гадовага хлопчыка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках