15 лiстапада 2024, Пятніца, 19:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

П'яных кіроўцаў пазбавяць не толькі машынаў, але і кватэраў

33

За кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане суды выпісваюць ад 800 тысячаў да 35 мільёнаў штрафу.

Машыну адразу забіраюць на штрафстаянку, каб прадаць для пагашэння штрафу, калі ўзнікнуць праблемы з разлікам. Каб спагнаць грошы, могуць адабраць кватэру.

За восем месяцаў дзяржава атрымала 12 мільярдаў рублёў штрафамі ад нецвярозых кіроўцаў. Як паведаміў «Еўрарадыё» начальнік Рэспубліканскай ДАІ Юры Літвін, сёлета аштрафаваныя звыш за 24 тысячы аматараў выпіць і сесці за руль. З кожнага ў сярэднім 500 тысячаў.

Па словах генпракурора Рыгора Васілевіча, назбіраць столькі грошай атрымалася дзякуючы таму, што памер штрафу павялічаны да 1000 базавых велічыняў. Але старшыня суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічаў Мікалай Кміта кажа, што затрыманых таксама стала больш.

«Рост пайшоў гэтых парушэнняў. За паўторнасць у нас сёлета было прыцягнута да адказнасці больш за тысячу чалавек. І вось гэты рост прымушае ўжываць адэкватную рэакцыю», -- паведаміў суддзя.

Па словах старшыні суда Смаргоні і Смаргоньскага раёна Людмілы Пятровай, кожны дзень у іх разглядаецца ад 2 да 10 справаў на нецвярозых кіроўцаў.

«Вельмі вырасла, дзесьці разы ў 3-4, колькасць такіх справаў. Я вам канкрэтна не магу назваць лічбу, але кожны дзень па 2, па 3, па 10 пратаколаў да нас прыходзіць - гэта адназначна», -- паведаміла Пятрова.

Шматмільённыя штрафы можна выпісваць толькі за паўторны на працягу года кіраванне ў нецвярозым стане.

«18/16 - такі артыкул ёсць Адміністрацыйны кодэкс «за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення». Цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць. Калі чалавек першы раз здзяйсняе такое правапарушэнне - ад 15 да 45 базавых велічыняў (ад 525 да 1,2 мільёна рублёў). Калі на працягу года аналагічнае парушэнне, надыходзіць крымінальная адказнасць - ад 150 да 200 базавых велічыняў (ад 5,2 да 7 мільёнаў рублёў)», -- распавяла суддзя.

У Баранавічах, па словах старшыні суда Мікалая Кміты, 100 базавых велічыняў практычна не выпісваюць - мала!

«У апошні час у гэтых межах і вагалася - ад 200. Ужо 100 базавых велічыняў практычна не ўжывалі. Можна і тысячу даваць, але потым яго не выканаць (прысуд. - ЕРБ). На гэта таксама глядзім. А так у нас, у Баранавічах, ДАІ усе машыны як толькі затрымалі, так адразу на штрафстаянку», -- паведаміў Кміта.

Па словах суддзі Смаргонскага суда, калі чалавек выплаціць штраф не ў стане, судовыя выканаўцы для пачатку прадаюць машыну.

«Калі абвінавачваны не выплачвае штраф добраахвотна, у судовага выканаўцы ёсць усе падставы забіраць гэты транспартны сродак, рэалізоўваць для пагашэння штрафу», -- кажа Людміла Пятрова.

Калі і гэтай сумы не дастаткова - прадаць могуць кватэру парушальніка.

«Даследуецца іншы маёмасны стан. Судовы выканаўца робіць запыты ў банкі пра наяўнасць сродкаў, пра іншую зарэгістраваную маёмасць. Гэта нерухомасць, нешта яшчэ. Складаецца акт - ёсць магчымасць ці не, ці ёсць у яго маёмасць па месцы жыхарства», -- кажа суддзя.

Усе сабраныя штрафы пералічваюцца ў раённы бюджэт. Вельмі нядрэнны прыбытак у крызісныя часы.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках