27 снежня 2024, Пятніца, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ: Існуе пагроза стабільнасці Беларусі

44
МВФ: Існуе пагроза стабільнасці Беларусі

25 жніўня на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Сяргеем Сідорскім дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ выказаў занепакоенасць станам золатавалютных рэзерваў Беларусі.

Марэк Белька адзначыў, што ў кароткатэрміновай перспектыве заклапочанасць выклікае менавіта «праблема нізкага ўзроўня замежных рэзерваў» Беларусі, «якая можа быць пагрозай для стабільнасці краіны». Паводле яго словаў, на гэтым пытанні ў асноўным засяроджаная ўвага ў межах праграмы, якая рэалізуецца беларускімі ўладамі сумесна з МВФ і дзеянне якой сканчаецца ў пачатку наступнага года.

«Гэтая праблема з'яўляецца асноўнай тэмай, якую мы абмяркоўваем на сустрэчах з старшынём праўлення Нацыянальнага банка Пятром Пракаповічам і міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом. Мы абмяркоўваем гэтую праблему з пункту гледжання плыняў крэдыту і іх уздзеяння на адток рэзерваў, з пункту гледжання бюджэтнай палітыкі, а таксама яе ўплыву на ўнутраны попыт, які, у сваю чаргу, уплывае на рэзервы», — адзначыў Марэк Белька.

Як паведамляе БелаПАН, Белька патлумачыў, што ў межах цяперашняй місіі МВФ ідзе праца па двух накірунках. Гэтая місія праводзіць другі агляд праграмы ў межах крэдыту stand-by, і дыскусіі засяроджаныя на пытаннях больш кароткатэрміновага характару. Акрамя таго, яе мэтай з'яўляецца правядзенне звычайных кансультацыяў па артыкуле IV статуту МВФ, якія ўяўляюць з сябе традыцыйны маніторынг развіцця кожнай краіны — чальца Міжнароднага валютнага фонду. У гэтым выпадку дыскусіі засяроджаныя на пытаннях больш доўгатэрміновага характару і звязаныя з развіццём беларускай эканомікі ў перспектыве, і ў прыватнасці разглядаецца пытанне пра тое, якім чынам забяспечыць высокія тэмпы эканамічнага росту, якія назіраліся ў краіне ў дакрызісны перыяд.

Нагадаем, што ЗВР Беларусі папаўняюцца, галоўным чынам, за кошт знешніх запазычанняў і паступленняў ад прыватызацыйных пагадненняў. У прыватнасці, акрамя двух траншаў МВФ, у 2009 годзе нашая краіна атрымала чарговы транш расейскага стабілізацыйнага крэдыту на суму 500 млн. даляраў і плацёж «Газпрама» у памеры 625 млн. даляраў за 12,5% акцыяў ААТ «Белтрансгаз», а таксама 250 млн. даляраў зробленай «Газпрамам» перадаплаты за транзіт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі на працягу года.

Амаль усе гэтыя сродкі пайшлі на фінансаванне дэфіцыту знешняга гандлю і падтрыманне курсу нацыянальнай валюты. Так, калі на пачатак года ЗВР Беларусі па стандартах МВФ складалі 3,061 млрд. даляраў, дык на 1 жніўня (г. зн. пасля ўсіх паступленняў) склалі 3,165 млрд. даляраў. Фактычна адзінай крыніцай падтрымання валютных рэзерваў краіны застаецца МВФ.

Як чакаецца, падчас запланаванай на канец тыдня сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Дзмітрыем Мядзведзевым беларускі кіраўнік узніме тэму атрымання Беларуссю 500 млн. даляраў расейскага крэдыту. Акрамя таго, Беларусь абмяркоўвае з Сусветным банкам магчымасць давання пазыкі ў памеры 200 млн. даляраў.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках