15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Нямізе патрабавалі вызвалення палітвязняў (Фота)

4

Акцыя з патрабаваннем вызвалення палітвязняў ізноў прайшла ў цэнтры Менска.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі яе на вуліцы Няміга ўвечары 24 жніўня, перадае jeans-by.com.

Маладыя людзі разгарнулі транспарант «Свабоу палітвязням!» і, узяўшы ў рукі партрэты Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, сталі ў ланцужок. Акцыя праходзіла ў «гадзіну пік», таму яе ўбачылі сотні мінакоў, шмат якія з іх пыталіся пра лёс вязняў сумлення, казалі словы падтрымкі.

Акцыя працягвалася 15 хвілінаў, ніхто з яе ўдзельнікаў не быў затрыманы.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа распачацца ў лістападзе.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».

«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках