27 снежня 2024, Пятніца, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыянера аштрафавалі за літару «ў»

11

У Берасці аштрафавалі актывіста «Маладога фронта» Міхася Ілліна. Ён ладзіў пікет ля помніка ў гонар 1000-годдзя горада.

Суддзя Ленінскага раённага суда Берасця Андрэй Канючка прызнаў актывіста «Маладога фронта» Міхася Ілліна вінаватым у дробным хуліганстве і аштрафаваў на 140 тысяч рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

Гэты судовы працэс пачаўся яшчэ 18 жніўня, аднак быў перанесены пасля патрабавання Міхася Ілліна даць яму адваката.

Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк удакладніў, што ў суд былі выкліканы супрацоўнікі АМАПу, якія 17 жніўня затрымлівалі ўдзельнікаў пікета каля нядаўна ўсталяванага помніка ў гонар 1000-годдзя Берасця.

«Сведчанні тых, хто затрымліваў удзельнікаў пікету, былі недакладныя, а ў некаторых выпадках нават фальшывыя, -- даводзіць Раман Кісляк.-- У сваю чаргу суддзя не прыслухаўся да хадайніцтва Міхася Ілліна выклікаць сведак з ліку тых, хто назіраў за хадой пікета і затрыманнямі на ім. Акрамя таго, суддзя не надаў увагі звесткам, што ў дачыненні да удзельнікаў пікету жорстка дзейнічаў міліцыянт у цывільным. Супрацоўнікі АМАПу адмовіліся назваць яго імя».

На паседжанне суду не быў дапушчаны сакратар Партыі БНФ па працы з рэгіёнамі Аляксандар Мех.

Нагадаем, што 17 жніўня ў Берасці ўдзельнікі флэш-моба ля помніка ў гонар 1000-годдзя паставілі ліст кардона, на якім была напісана літара «ў» у чорнай рамцы з жалобнай стужкай. Таксама быў ускладзены вянок і запаленыя свечкі. На гэтым пікеце Міхася Ілліна арыштавалі, ён правёў ноч у аддзяленні міліцыі Ленінскага раёна. Яшчэ адзін удзельнік пікету Дзяніс Турчаняк быў аштрафаваны 18 жніўня на 1 мільён 405 тысяч рублёў.

Помнік у гонар 1000-годдзя Берасяця быў адкрыты 26 ліпеня на Дзень горада (Берасце адзначыць тысячагоддзе праз 10 год). Ліцейныя працы выконваліся ў Пухавічах. У тэкстах помніка 70 разоў не напісана «ў» пасля галосных і дапушчана яшчэ каля дзесяці арфаграфічных, граматычных і стылістычных памылак.

Як адзначыў былы выкладчык філалагічнага факультэта Беларускага дзяржуніверсітэта, за такую колькасць памылак у тэксце студэнт атрымаў бы нуль балаў.

«Я выкладаў на філфаку БДУ, і за «у нескладовае» згодна з правіламі зніжаецца адзнака,-- распавёў філолаг. -- У школе гэта таксама лічыцца за памылку. А на цэнтралізаваным тэставанні здымаюць цэлы бал, таму што гэта паўнавартасная арфаграфічная памылка. Тое ж самае, што ў расейскай мове напісаць «щ» і сказаць, што «у нас рысачкі не было ў шрыфце». Акрамя гэтага, на дошках ёсць і іншыя памылкі. Напісана «Днепра-Бугскi», а трэба «Дняпроўска-Бугскi», напісана «асвЯчана», а трэба «асвЕчана», напісана «аб БерасцЕ», а правільна - «аб БерасцI». Калі б студэнт зрабіў столькі памылак, ён атрымаў бы нуль балаў!»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках