14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Маскве праходзяць вучэнні КСАР з удзелам беларускіх вайскоўцаў

8
У Маскве праходзяць вучэнні КСАР з удзелам беларускіх вайскоўцаў

У Маскве пачаўся першы этап па падрыхтоўцы так званых сіл КСАР, якія, на думку экспертаў, створаны для падаўлення выступаў дэмакратычнай апазіцыі ў краінах-удзельніцах АДКБ.

Першы этап вучэнняў АДКБ па падрыхтоўцы Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) стартаваў 26 жніўня, нагадвае РИА «Новости».Пры гэтым улады Беларусі ўсё ж згадзіліся прыняць у сябе другі этап мерапрыемстваў.

Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы Віталь Стругавец. Ён удакладніў, што другі этап на тэрыторыі Беларусі пройдзе з 19 па 28 верасня.

Такую ж заяву зрабіў і генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа. Па ягоных словах, звесткі пра тое, што Менск зрывае вучэнні - няслушныя.

«На тэрыторыі Беларусі будзе праходзіць адзін з самых важных этапаў СКВ, падчас якога ў адным шыхце будуць дзейнічаць вайскоўцы з Беларусі, Расеі, Арменіі і Казахстана», - падае словы Мікалая Бардзюжы regnum.ru .

Як паведамляе «Взгляд.ру», мерапрыемства складаецца з трох сумесных аператыўна-стратэгічных і камандна-штабных вучэнняў. Першым этапам, які скончыцца 28 жніўня, кіруе намеснік генсакратара АДКБ Валер Семерыкаў. У сакратарыяце АДКБ паведамілі, што гэтая фаза прысвечаная «падрыхтоўцы прапаноў для прыняцця рашэнняў органамі АДКБ на разгортванне і ўжыванне КСАР і воінскіх кантынгентаў узброеных сіл дзяржаў – чальцоў АДКБ, па аказанні ваенна-палітычнай, ваеннай і ваенна-тэхнічнай дапамогі дзяржавам – чальцам арганізацыі».

Другі этап адбудзецца з 19-га па 28 верасня ў Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка беларускага Генштаба генерал-лейтэнанта Сяргея Гурулёва. Пры гэтым, як адзначылі ў АДКБ, на вучэнні запрошаныя сакратары саветаў бяспекі і міністры абароны дзяржаў арганізацыі, а таксама прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.

Трэці этап, які запланаваны на 2-5 кастрычніка, адбудзецца ў Казахстане на тэрыторыі вучэбнага цэнтра сухапутных войскаў «Матыбулак» пад кіраўніцтвам камандуючага вайскамі рэгіянальнага камандавання «Поўдзень» Казахстана генерал-майора Аліхана Джарбулава.

А на першы этап ваенных вучэнняў у Маскву прыбылі беларускія вайскоўцы, паведамляе тэлеканал «СТВ».

Гэтую інфармацыю пацвердзіў дзяржаўны сакратар савета бяспекі Беларусі Юрый Жадобін.

«Падрыхтоўка і правядзенне такіх маштабных вучэнняў патрабуе досыць вялікага часавага фактару, досыць вялікіх выдаткаў рэсурсаў. У некаторых пытаннях мы можам казаць, што гэтыя вучэнні ўжо пачаліся», -- заявіў ён.

Нагадаем, пагадненне аб КСАР было падпісана 14 чэрвеня ў Маскве на паседжанні Савета калектыўнай бяспекі лідэрамі толькі пяці дзяржаў. Беларуская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў саміце з-за «малочнага» канфлікту з Расеяй. Не падпісаў дакумент і прэзідэнт Узбекістана.

Пасля нефармальнага саміту АДКБ у Кыргызстане 31 ліпеня генеральны сакратар арганізацыі Мікалай Бардзюжа заявіў: «Беларускі бок гатовы быў падпісаць гэтае пагадненне. Мала таго, на паседжанні камітэта сакратароў саветаў бяспекі, якое прайшло ў Менску, ён ухваліў праект пагаднення. Акрамя таго, беларускім бокам былі прадстаўленыя прапановы ў склад КСАР. Я лічу, што непадпісанне Беларуссю — гэта ўсяго толькі чыста тэхнічная праблема, і яна хуткім часам будзе ліквідаваная».

Варта адзначыць, што пакуль Беларусь не далучылася да пагаднення аб стварэнні КСАР, гэтыя сілы не лічацца сіламі АДКБ.

21 жніўня для сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым у Сочы выляцеў Аляксандр Лукашэнка. Адной з тэм перамоў можа стаць падпісанне пагаднення аб КСАР АДКБ. Аналітыкі лічаць, што ўсе дэмаршы афіцыйнага Менска носяць дэманстратыўны характар, і ў беларускіх улад проста няма іншага шляху, акрамя інтэграцыі на прасторы СНД. Шматлікія супярэчнасці могуць быць вырашаныя падчас сустрэч Мядзведзева і Лукашэнка ў чацвер.

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што КСАР ствараецца, перш за ўсё, для падаўлення выступаў дэмакратычнай апазіцыі ў краінах-удзельніцах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках