16 лiстапада 2024, Субота, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцыйныя прафсаюзы паставілі сябе па-над законам

2

Прэзідыўм Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прыняў Інструкцыю аб парадку падрыхтоўкі, прыняцця і падпісання калектыўнай дамовы.

ФПБ рэкамендуе заключаць на прадпрыемстве адну калектыўную дамову. Інструкцыяй замацавана, што ў выпадку, калі на прадпрыемстве дзейнічаюць некалькі прафсаюзных арганізацыяў, найбольш прадстаўнічая з іх (чытай ФПБ) ініцыюе вядзенне калектыўных перамоваў, стварае сумесную камісію па вядзенні калектыўных перамоваў (агульны прафсаюзны орган) і падпісвае калектыўную дамову з наймальнікам.

Як паведамляе прэс-служба ФПБ, адзіная калектыўная дамова дазволіць «забяспечыць падаванне аднолькавых сацыяльных гарантыяў усім працаўнікам» і, як следства, пазбегнуць рознагалоссяў унутры працоўнага калектыва. На думку аўтараў ідэі, гэтым новаўвядзеннем Федэрацыя «робіць чарговы крок насустрач «дробным» прафсаюзам, якія не ўваходзяць у ФПБ».

Лідэр Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук назваў дакумент «вельмі сумніўным падарункам ураду».

БКДП упэўнены, што наваяўленая Інструкцыя ФПБ, якая рэкамендуе заключаць на прадпрыемстве адну калектыўную дамову, незалежна ад таго, колькі прафсаюзных арганізацыяў на ім налічваецца, прынятая ў парушэнне існуючага ў Беларусі заканадаўства аб прафсаюзах і Канвенцыяў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Наваяўленая Інструкцыя ФПБ супярэчыць нормам Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 98 «Аб праве на вядзенне калектыўных перамоваў», а таксама Закона «Аб прафесійных саюзах» і Працоўнаму Кодэксу Рэспублікі Беларусь, якімі прадугледжваецца права ўсіх прафсаюзаў ініцыяваць і весці калектыўныя перамовы. Стварэнне сумесных органаў па вядзенні калектыўных перамоваў паміж структурамі розных прафсаюзаў можа рабіцца толькі па пагадненні бакоў. ФПБ не мае права надзяляць сябе такім статусам прадстаўнічасці, які абавязвае іншыя прафсаюзы і наймальнікаў весці перамовы паводле яе сцэнара. Інструкцыя ФПБ з'яўляецца ўнутраным дакументам гэтай арганізацыі і ў дачыненні да іншых суб'ектаў, у прыватнасці, незалежных прафсаюзаў і наймальнікаў, не мае ніякай юрыдычнай сілы.

Ініцыятыва ФПБ негатыўна адаб'ецца на развіцці дыялогу паміж беларускім урадам і Міжнароднай арганізацыяй працы, накіраваным на выкананне яе рэкамендацыяў і вяртанне Беларусі гандлёвых прэферэнцыяў Еўразвяза.

«Чарговы вельмі сумніўны падарунак ураду паднесла кіраўніцтва ФПБ. Унутраны нарматыўны дакумент грамадскай арганізацыі пастаўлены вышэй за закон, паколькі ён навязвае ўраду і наймальнікам працэдуру вядзення калдамоўнага працэсу ў краіне. Цікава цяпер паназіраць, якім чынам бакі сацыяльнага партнёрства паставяцца да гэтай ініцыятывы Федэрацыі: возьмуцца выконваць гэты загад, ці будуць усё ж прытрымвацца Закона? Забаўляе і тое, што спроба поўнай узурпацыі працэсу вядзення калектыўных перамоваў, падаецца ФПБ як клопат аб правах незалежных прафсаюзаў», - заявіў у інтэрв'ю «Беларускаму партызану» Аляксандр Ярашук.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках