28 снежня 2024, Субота, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэс патрабуе адмены рэпрэсіўнай пастановы Саўміна

34

Такое рашэнне было прынятае 3 жніўня ў Менску на экстранай нарадзе з удзелам прадпрымальнікаў.

Бізнэс-супольнасць будзе дамагацца адмены пастановы Саўміна № 991 ад 28 ліпеня 2009 года «Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», якая набыла сілу 2 жніўня.

У панядзелак увечары на імя прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і іншыя бізнэс-аб'яднанні плануюць накіраваць сумесны ліст з патрабаваннем адмяніць пастанову, перадае БелаПАН.

Паводле ацэнак тых, хто выступаў на паседжанні прадстаўнікоў бізнэсу, дакумент у цяперашнім выглядзе нанясе шкоду эканоміцы. Ён пацягне банкруцтва большасці аптовых кампаніяў, прадстаўніцтваў замежных прадпрыемстваў, прывядзе да сыходу з Беларусі замежных інвестараў. Акрамя таго, пастанова справакуе рост карупцыі сярод дзяржорганаў, якім дадзеныя паўнамоцтвы на вызначэнне афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

«Такі дакумент не мае права на жыццё. Трэба неадкладна прыпыніць яго дзеянне і разбірацца, з якой мэтай ён уводзіўся і што трэба, каб гэтую мэту дасягнуць», — адзначыў старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. Паводле яго словаў, бізнэс-супольнасць гатовая дапамагчы ўраду ва ўсіх канструктыўных пачынаннях, у тым ліку па пытанні зніжэння адмоўнага сальда знешняга гандлю, папаўнення бюджэту. «Аднак абмяркоўваць пытанні, як разваліць эканоміку, а менавіта гэта мяркуе пастанова № 991, мы не будзем», — адзначыў Маргелаў. Пры гэтым кіраўнік РКП лічыць неабходным ставіць таксама пытанне «аб дзяржаўнай здрадзе з мэтай развалу эканомікі», і ўсе прыкметы, на яго думку, для гэтага маюцца.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін мяркуе, што неабходна запатрабаваць ад распрацоўшчыкаў тэрміновага каментара з тлумачэннем іх пазіцыі. Ён выказаў надзею, што дакумент з'яўляецца «тэхнічнай памылкай». «Спадзяюся, там маецца на ўвазе не тое, што тут напісана, таму што забараніць інстытут пасярэдніцтва немагчыма. Гэта заб'е не толькі аптавікоў, але і ўдарыць па рознічным гандлі», — адзначыў кіраўнік БСП.

Калінін таксама падкрэсліў, што на апошніх нарадах ва ўрадзе з удзелам першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі абмяркоўваліся меры наўпрост процілеглыя: «Мы звярталі ўвагу на тое, што інстытут пасярэдніцтва, які шмат гадоў у нас згортвалі, трэба, наадварот, аднаўляць, што дазволіла б стымуляваць экспарт беларускай прадукцыі».

Старшыня ГА «Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў» Уладзімір Карагін паведаміў, што на працягу панядзелку ва ўрадзе пры ўдзеле прэм'ера Сідорскага праходзілі нарады па пытанні ўжывання пастановы № 991 і ў хуткім часе будуць падрыхтаваныя яго тлумачэнні.

Спасылаючыся на тэлефонную размову з намеснікам міністра эканомікі Андрэем Турам, Карагін адзначыў, што пастанова не распаўсюджваецца на экспарт беларускіх тавараў, не датычыць індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асобаў (рамеснікаў і тых, хто займаецца агратурызмам). «Што датычыць дзеяння пастановы, дык, па словах Андрэя Тура, на дамовы, падпісаныя да 2 жніўня, дзеянне дакумента не распаўсюджваецца», — падкрэсліў Карагін.

Ён таксама паведаміў, што Міністэрства эканомікі, як вынікае са словаў Тура, не з'яўляецца распрацоўшчыкам пастановы № 991, аднак будзе займацца тлумачэннем яго дзеяння.

Дакумент выключае пасярэднікаў з працэсу рэалізацыі юрыдычным асобам айчынных і імпартных тавараў на тэрыторыі Беларусі. Юрасобы з гэтага часу павінны набываць тавары (за кошт уласных, пазыковых сродкаў і сродкаў бюджэту) толькі ў тых пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі, ці іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Пералікі афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, у якіх юрасобы змогуць закупляць тавары, будуць зацвярджацца рэспубліканскімі і мясцовымі органамі дзяржкіравання па ўзгадненні з віцэ-прэм'ерамі, якія курыруюць адпаведныя сферы эканомікі. Для ўключэння ў пералік афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў неабходна падаць эканамічнае абгрунтаванне набыцця тавараў у пастаўшчыка.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках