15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АБСЕ: наступныя выбары прэзідэнта Беларусі павінны быць свабоднымі

17
АБСЕ: наступныя выбары прэзідэнта Беларусі павінны быць свабоднымі

Беларускія дэмакраты сустрэліся ў Варшаве з прадстаўнікамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.

Ад БДІПЧ у сустрэчы прымалі ўдзел Конрад Альшэўскі, намеснік кіраўніка дэпартамента, і Мадс Ліндберг, які займаецца праблемамі Беларусі; Беларусь прадстаўлялі старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сакратар ЦК Партыі камуністаў Алена Скрыган. Гаворка на сустрэчы ішла пра змену выбарчага заканадаўства Беларусі.

«БДІПЧ мае намер зыходзіць з выніковага дакумента па ацэнцы «выбараў у палату прадстаўнікоў» і з прапановаў, зробленых АДС па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства, – распавёў Анатоль Лябедзька. – У сваім дакуменце, які быў перададзены ў нацыянальны цэнтр заканадаўства пры «палаце прадстаўнікоў» яшчэ ў лютым, БДІПЧ пералічыла сем умоваў, якім павінна адпавядаць дэмакратычнае заканадаўства. Гэта, у прыватнасці, фарміраванне выбарчых камісіяў з прадстаўнікоў розных палітычных сілаў, права назіральнікаў пералічваць бюлетэні, адсутнасць усялякіх бар'ераў для перадвыбарчай агітацыі, жорсткі кантроль над папярэднім галасаваннем».

У БДІПЧ спадзяваліся, што беларускія ўлады сфармулююць сваю пазіцыю да летніх вакацыяў – але з лютага яны гэтага не зрабілі.

Прадстаўнікі БДІПЧ запэўнілі, што калі рэкамендацыі не будуць улічаныя ці «будуць чыста касметычнымі, пункцірнымі», дык эксперты БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі дадуць законапраекту ўладаў негатыўныя ацэнкі.

«Мы лічым правільным гэты падыход», – адзначыў А.Лябедзька.

Нагадаем, што 27 траўня кіраўнік менскага Офіса АБСЕ Ханс-Ёган Шміт заявіў старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ не будзе разглядаць прапановы па змене Выбарчага кодэкса Беларусі, падрыхтаваныя экспертамі і ўзгодненыя суб'ектамі дэмакратычнай кааліцыі.

Нядаўна амбасадар Ханс-Ёган Шміт даў інтэрв'ю агенцтву БелаПАН, што таксама выклікала шквал крытыкі ў адрас дыпламата. У прыватнасці, амбасадар Шміт заявіў, што не лічыць праблему захавання правоў чалавека прыярытэтам, у той час як на адкрыцці сесіі ПА АБСЕ прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус зазначыў, што менавіта захаванне правоў чалавека з'яўляецца галоўным каталізатарам зменаў у краінах былога Савецкага Саюза і ў цэлым ва Усходняй Еўропе.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках