14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вязень сумлення Дубскі будзе адбываць тэрмін у Магілёўскай калоніі

Удзельнік «Працэса 14-ці», прысуджаны да года пазбаўлення волі, пераведзены з Бабруйскага СІЗА.

Пра гэта прэс-службе «Маладога Фронта» паведаміла праваабаронца, кіраўніца юрыдычнага аддзела «МФ» Наста Лойка.

«Маці Арцёма Дубскага, спадарыня Алена, сёння даведалася ў суддзі Асіповіцкага раённага суда Ж.Шарабайкі, што Арцём этапіраваны ў Магілёўскую папраўчую калонію агульнага рэжыму, -- распавяла Наста Лойка.-- Ён быў туды пераведзены яшчэ 28 жніўня, але кіраўніцтва СІЗА, дзе дагэтуль утрымліваўся Арцём Дубскі, адмаўлялася даваць хоць якую інфармацыю».

Нагадаем, што 7 ліпеня ўдзельнік «Працэса 14-ці» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з’ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні пра парушэнне правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.

«Справа 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэса 14-ці» Вязнямі сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках