27 снежня 2024, Пятніца, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ТОП-10 адміністрацыйных мер па барацьбе з далярам і бізнэсам

15

За апошні год у Беларусі прынята вялікая колькасць рашэнняў, галоўная мэта якіх – скараціць расходаванне валютных сродкаў.

Апошняе рашэнне такога кшталту - пастанова № 1000, якая забараняе кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў набываць імпартныя тавары без узгаднення з кіраўнікамі органаў дзяржупраўлення ці іх намеснікамі. Прадстаўнікі Мінэканомікі тлумачаць прынятае рашэнне неабходнасцю эканоміць валютныя сродкі, паведамляе «БДГ». За апошні год улады распачалі 10 спроб з мэтай эканоміі золатавалютных рэзерваў краіны.

Пастанова № 165

Яшчэ ўвосень 2008 года ў Беларусі сталі прымацца адміністрацыйныя абмежаванні, якія перашкаджаюць прытоку імпарту ў краіну. Гучнай падзеяй стала прыняццё Нацбанкам Пастановы № 165, якая забараніла юрасобам праводзіць авансавыя плацяжы па імпарце з рахункаў беларускіх банкаў. У студзені 2009 года дадзенае рашэнне крыху змякчылі: юрасобам дазволілі рабіць авансавыя плацяжы па імпарце за кошт уласнай валютнай выручкі. Выкарыстоўваць валюту, набытую на біржы, для авансавання імпарту юрасобам Беларусі пры гэтым забаранілі.

Рэкамендацыя напярэдадні дэвальвацыі

У снежні 2008 года Нацбанк Беларусі разаслаў ліст, у якім рэкамендаваў камерцыйным банкам прыпыніць выдачу фізасобам крэдытаў у замежнай валюце. З аднаго боку, дадзеная рэкамендацыя мусіла была знізіць ціск на валютны рынак і стымуляваць банкі выдаваць крэдыты ў беларускіх рублях. З іншага боку, рэкамендацыя Нацбанка паступіла ў камерцыйныя банкі за некалькі тыдняў да дэвальвацыі беларускага рубля, што магло сведчыць пра планы дзяржавы па абясцэньванні нацыянальнай валюты.

Вусная рэкамендацыя як інструкцыя да дзеяння

У студзені 2009 года праходзіла пашыранае паседжанне Праўлення Нацбанка. На паседжанні прысутнічалі прадстаўнікі банкаў, якія атрымалі ад кіраўніка Нацбанка каштоўную рэкамендацыю: «узмацніць сваю ролю ў стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку». Рэкамендацыі Нацбанка, перададзеныя ў вуснай форме камерцыйным банкам, зводзіліся да таго, што попыт на ўнутраным рынку на замежную валюту неабходна задавальняць за кошт знешняга фінансавання (пазыковых сродкаў) і толькі ў выключных выпадках звяртацца да набыцця валюты на біржы.

Свінні як магчымасць зэканоміць валюту

Палітыка, скіраваная на эканомію валютных сродкаў, ахапіла ў 2009 годзе практычна ўсе галіны беларускай эканомікі, у тым ліку - мясаперапрацоўчую прамысловасць. У 2008 годзе беларускія мясаперапрацоўшчыкі шмат разоў павялічылі імпарт свініны для прамысловай перапрацоўкі. У 2009-м годзе мясаперапрацоўшчыкаў папрасілі скараціць імпарт з мэтай эканоміі валютных сродкаў. У першым квартале бягучага года Мінсельгаспрад Беларусі рэкамендаваў мясаперапрацоўшчыкам перайсці на выкарыстанне ў якасці сыравіны беларускай свініны.

Паўсюдная дэдалярызацыя

У першым паўгоддзі бягучага года Нацбанк Беларусі адмовіўся пралангіраваць рэзідэнтам права на вядзенне разлікаў у замежнай валюце. У сувязі з гэтым на тэрыторыі Беларусі былі скарочаныя да мінімуму разлікі ў далярах. «У бягучым годзе звужана сфера выкарыстання замежнай валюты пры рэалізацыі паліва, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу», - канстатавала прэс-служба Нацбанка Беларусі ў чэрвені гэтага года. Дэдалярызацыя, на якую пайшоў Нацбанк, была скіраваная на паніжэнне попыту на замежную валюту ўнутры краіны.

Імпарт за кошт знешніх крыніц

У траўні ўрад абвесціў пра тое, што дзяржпрадпрыемствы павінны забяспечваць фінансаванне інвестыцыйнага імпарту за кошт доўгатэрміновых знешніх крыніц у аб'ёме не менш чым на 85%. Да інвестыцыйнага імпарту было аднесена тэхналагічнае абсталяванне, машыны і механізмы. Пры гэтым урад абавязаў дзяржпрадпрыемствы забяспечыць фінансаванне прамежкавага імпарту (сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых) не менш чым на 30% за кошт доўгатэрміновых знешніх крыніц. Матыў урадавага даручэння, якое агучыў у траўні віцэ-прэм'ер Іван Бамбіза, складаўся ў тым, каб зэканоміць унутраныя валютныя рэсурсы за рахунак пераарыентацыі дзяржпрадпрыемстваў на знешнія крыніцы фінансавання.

Памер мае значэнне

Аляксандр Лукашэнка ў траўні падпісаў указ, якім надаў Нацбанк правам вызначаць для юрасоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (рэзідэнтаў) памер абавязковага продажу валюты на ўнутраным валютным рынку. Нацбанк гэтым правам пакуль не скарыстаўся: у краіне працягвае дзейнічаць норма, паводле якой юрасобы і ІП павінны ў абавязковым парадку прадаваць на біржы 30% валютнай выручкі. Тым не менш беларускаму бізнэсу далі зразумець, што ў мэтах папаўнення валютных рэзерваў памер абавязковага продажу валюты на ўнутраным рынку можа быць павялічаны.

Травеньскае абмежаванне ў доступе на біржу

У другой палове траўня камерцыйныя банкі Беларусі атрымалі загад не задавальняць заяўкі кліентаў на набыццё валюты на біржы. Матыў дадзенага загада выразна праглядаўся: абмежаваць попыт на замежную валюту за кошт абмежавання на біржавы рынак. Праўда, праіснаваў дадзены загад усяго некалькі дзён: інфармацыя пра абмежаванне на біржавы рынак трапіла ў прэсу, падзейнічаў велізарны грамадскі рэзананс, і абмежаванне ў доступе на біржавы рынак было адменена.

Грошай у замежнай валюце выдаваць не будуць

У ліпені камерцыйным банкам забаранілі выдаваць фізічным асобам крэдыты ў замежнай валюце. У афіцыйным каментары Нацбанка казалася: забаронная мера прынятая з мэтай абмежаваць валютныя рызыкі насельніцтва. Зрэшты, у гэтым рашэнні лёгка бачыўся і іншы матыў: знізіць попыт на замежную валюту з боку насельніцтва з мэтай эканоміі існуючых валютных рэзерваў.

Імпарт у краіну можа паступаць праз міністра ці яго намесніка

Апафеозам шматлікіх абмежаванняў, усталяваных на выкарыстанне ўнутраных валютных рэзерваў, стала пастанова № 1000. Урад сваім распараджэннем дазволіў дзяржпрадпрыемствам ажыццяўляць імпартныя закупы толькі па ўзгадненні з кіраўнікамі органаў дзяржаўнага ўпраўлення ці іх намеснікамі. Начальнік галоўнага ўпраўлення прамысловасці, транспарта і сувязі Мінэканомікі Беларусі Уладзімір Дзярнавы растлумачыў у мінулую пятніцу, што цяпер дзяржпрадпрыемствы павінны вырашаць «на ўзроўні міністра ці намміністра» магчымасць закупу імпартных тавараў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках