31 снежня 2024, aўторак, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зінаіда Ганчар: «Кожнае слова Лукашэнкі – адная хлусня»

22
Зінаіда Ганчар: «Кожнае слова Лукашэнкі – адная хлусня»

Жонка Віктара Ганчара пракаментавала апошнія заявы Лукашэнкі пра выкрадзеных у Беларусі апазіцыянераў.

«Каментаваць заявы Лукашэнкі складана, бо гэта бязглуздзіца. Яго сцвярджэнні, што Віктар Ганчар не апазіцыянер – глупства. Увогуле кожнае слова – адная хлусня. Мы ўсе дзесяць гадоў патрабавалі ад уладаў правесці расследаванне і знайсці вінаватых у выкраданні лідэраў апазіцыі. Рапарт, у якім пазначаныя прозвішчы людзей, датычных да выкрадання і забойствам Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, пісаў супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі генерал Лапацік. Менавіта ім былі названыя прозвішчы вінаватых – Паўлічэнка, Навумаў, Шэйман, Сівакоў. Няхай бы ўлады дапыталі генерала Лапаціка, былога генпракурора Бажэлку, былога старшныю КДБ Мацкевіча. Усё гэта рэальныя людзі, і яны казалі, што за выкраданнямі стаіць Лукашэнка», -- заявіла Зінаіда Ганчар у інтэрв’ю сайту www.charter97.org.

Паводле словаў жонкі зніклага віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, яе здзіўляе «дасведчанасць» беларускага кіраўніка.

«Больш за тое, мяне здзіўляюць заявы Лукашэнкі, што ён ведае, што адбылося са зніклымі. Менавіта сёння я атрымала чарговы ліст-адпіску з пракуратуры Менску, падпісаны пракурорам горада Куліком, у якім паведамляецца, што «зараз па ўказанай крымінальнай справе праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы». Так ці не прасцей пракурору спытаць Лукашэнку, куды зніклі Ганчар і Красоўскі, спытаць чалавека, які ўсё ведае. Адкажыце, дзе зніклыя людзі, што з імі здарылася, хто датычны да гэтага?», -- запытвае Зінаіда Ганчар.

Жонка зніклага палітыка паведаміла, што ўчора яна разам з Вольгай Завадскай – маці таксама зніклага ў Беларусі журналіста Зміцера Завадскага, правялі прэс-канферэнцыю ў Сейме Літвы. У прэс-канферэнцыі таксама ўзяў удзел старшыня Камітэта па замежных справах літоўскага парламента Аудронюс Ажубаліс.

«Сітуацыя з выкраданнямі ў Беларусі апазіцыянераў выклікала вялікі інтарэс у літоўскіх СМІ. На прэс-канферэнцыю прыйшло шмат журналістаў. Мы распавялі, што нам вядома, як адбываецца афіцыйнае следства, пра тое, што ўлады практычна нічога не робяць у гэтым накірунку. Нагадалі, што мы напісалі лісты прэзідэнтам ЗША, Нямеччыны, Расеі і прэм’ер-міністру Швецыі з просьбай надаць належную ўвагу праблемам палітычных знікненняў у Беларусі і выкарыстаць усе сродкі ўздзеяння на беларускія ўлады, каб яны выканалі абавязацельства перад грамадзянамі і міжнароднай супольнасцю і правялі незалежнае расследаванне спраў пра выкраданні апазіцыянераў. У выпадку адсутнасці рэальных дзеянняў з боку беларускіх уладаў, мы заклікаем ініцыяваць міжнароднае расследаванне гэтых злачынстваў.

На прэс-канферэнцыі мы таксама ў чарговы раз выказалі пратэст візіту Лукашэнкі ў Літву. Мы дагэтуль не ведаем, чым абумоўлены гэты візіт. Ніводнае патрабаванне Еўразвяза беларускімі ўладамі не выканана. Нам не зразумелая пазіцыя Еўразвяза і для нас, сваякоў выкрадзеных апазіцыянераў, усё гэта зняважліва», -- заявіла Зінаіда Ганчар.

Жонка Віктара Ганчара таксама адзначыла, што сваякі зніклых не атрымалі ад прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ адказ на ліст, у якім утрымліваўся заклік не запрашаць беларускага дыктатара ў Вільню. У лісце сцвярджалася, што «ёсць сур’ёзныя доказы, якія сведчаць пра датычнасць вышэйшых службовых асобаў дзяржавы да злачынных дзеянняў», а ўлады Беларусі «працяглы час дэманструюць нежаданне аб’ектыўна расследаваць справы аб выкраданні апазіцыянераў, ігнаруючы шматлікія патрабаванні беларускай і міжнароднай супольнасці».

Нагадаем, што ўчора ў інтэрв’ю літоўскім СМІ Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні, што тычацца праблемы палітычных знікненняў у Беларусі. Беларускі кіраўнік выступіў у абарону чыноўнікаў, якіх падазраюць у выкраданні беларускіх апазіцыянераў, адзначыўшы, што «злачынца – гэта тады, калі суд прыняў рашэнне. Ні ваш суд, ні наш суд, а гэта павінен быць наш суд ,не прымаў такога рашэння».

Наконт знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага дыктатар заявіў: «Віктар Ганчар? Ну які ён быў апазіцыянер?! Хто грошай заплаціць, на таго ён і працаваў, ну што вы кажаце. Ну я Віктара ведаю лепш за вас. І далей, прад'яўленне прэтэнзій з боку сваякоў: дзе мой муж, дзе мой сын і гэтак далей. Гэта я, перш за ўсё, павінен спытаць у сям'і, дзе ваш муж, дзе ваш сын? Чаму вы не глядзелі, калі ён не быў зніклым? Чаму вы ўвагі не звярталі? Як яго не стала, гэта стала палітыкай і заробкам для іх. Мы гэта таксама добра ведаем. Таму не трэба на гэтым рабіць палітыку. Таму не трэба на гэтым горы людскім будаваць палітыку супраць Лукашэнкі, супраць краіны. Не трэба, гэта выгады не прынясе. Паверце, перад вамі сядзіць чалавек больш-менш дасведчаны ў тым, што адбываецца сёння вакол гэтага працэсу. Я не буду канкрэтызаваць, але я ведаю вельмі добра, што адбываецца».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках